«Забойца анёла» — доўгачаканая кніга Вінцэся Мудрова



У кнігарні паступіў новы зборнік прозы Вінцэся Мудрова «Забойца анёла», выдадзены ў «Кнігазборы» ў Бібліятэцы СБП «Кнігарня пісьменніка».

Вядомы празаік, адзін з найбольш яркіх аўтараў полацкага андэрграўнду 1970-х, падрыхтаваў новую кнігу “Забойца анёла” – апавяданні і аповесці, напісаныя цягам апошняга дзесяцігоддзя. Летась у лістападзе Саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў конкурс на стварэнне вокладкі для кнігі. У выніку чытацкага галасавання і аўтарскай ацэнкі перамог праект Віталя Сыча, які і ўпрыгожвае свежавыдадзеную кнігу.

Апавяданне, якое дало назву зборніку прозы, расказвае пра незвычайную сустрэчу на беразе Волгі.

…Беларус прыязджае на працу ў глухую вёску на ўзбярэжжы Волгі, і ўсё было б шэра і будзённа, але пра гаспадара хаты ходзяць няўцямныя чуткі. Некалькі гадоў таму, ён вярнуўся з палявання, якое цалкам змяніла ягонае жыццё, ператварыла яго ў пакуту і немарач. На качыным паляванні ён выпадкова забіў свайго анёла…

“Забойцу анёла” можна прыдбаць у наступных крамах Менска: “Цэнтральная кнігарня”, “Акадэмкніга”, “Веды”, “Кнігарня пісьменніка”.

Прэс-служба ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў”