“Загляне сонца і ў нашае ваконца”



Так называлася першае беларускае легальнае выдавецтва ў Санкт-Пецярбургу, якому 18 траўня спаўняецца 115 гадоў з дня заснавання.

Выдавецтва дзейнічала ў 1904-1916 гадах. Ва ўправу выдавецкай суполкі ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь.

Выдавецтва да 1914 года выдала 38 кніг (лічачы выданні кірыліцай і лацінкай, як асобныя пазіцыі) сукупным накладам больш за 100 тысяч асобнікаў. Акрамя таго, яно выдала больш за 20 розных паштовак з партрэтамі беларускіх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г.д. Выдавецтва выцягнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX стагоддзя, выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў, і тым самым выдатна спрычынялася да фарміравання новай беларускай літаратуры. Больш таго, выдавецтва адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазней астатнімі выдаўцамі.

Беларускае Радыё Рацыя