Запланаванае адкрыццё 101-га сезона Купалаўскага тэатра не адбудзецца



Запланаванае 1 верасня адкрыццё 101-га сезона ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы не адбудзецца, паведамілі БелаПАН у прэс-службе тэатра.

Фота Reuters

„Нічога не абмяркоўвалася і не гаварылася, сезона не можа быць, мы не можам іграць ніводнага спектакля з рэпертуару”, — адзначылі ў прэс-службе.

26 жніўня з Купалаўскага тэатра звольнілася 56 супрацоўнікаў, у тым ліку 36 акцёраў. Сярод іх народныя і заслужаныя артысты, вядучыя майстры сцэны Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Павел Харланчук-Южакоў, Зоя Белахвосцік, Наталля Васільева-Качаткова, Алена Сідарава, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, Святлана Анікей, Андрэй Кавальчук, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка. На дадзены момант у трупе засталося каля 20 чалавек. Звольніліся таксама рэжысёры, рэдактары, адміністратары, артысты аркестра, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі. Разам з імі тэатр пакінуў мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Некаторыя з акцёраў, якія звольніліся, былі задзейнічаныя ў „Паўлінцы” (гэтым спектаклем павінен быў адкрывацца новы сезон) і іншых вераснёўскіх пастаноўках.

Паводле інфармацыі прэс-службы, цяпер Купалаўскі тэатр, які сёлета планаваў адзначыць 100-годдзе, „знаходзіцца на прастоі”, супрацоўнікаў унутр будынка пускаюць, але не ўсіх.

Праблемы ў калектыву пачаліся ў сярэдзіне жніўня, калі купалаўцы разам са сваім гендырэктарам Паўлам Латушкам публічна асудзілі фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і самавольства сілавікоў. 17 жніўня Латушка быў звольнены. У знак салідарнасці з ім супрацоўнікі тэатра пачалі масава падаваць заявы аб звальненні.

18 жніўня ў Купалаўскі тэатр прыехаў міністр культуры Юрый Бондар. Ён не пагадзіўся з тым, што Латушку звольнілі з палітычных матываў, і выказаў занепакоенасць тым, „як тэатр пачне творчы сезон у такой атмасферы”. У адказ супрацоўнікі тэатра заявілі, што новага сезона не будзе, і параілі Бондару падаць у адстаўку.

У той жа дзень часовым выканаўцам абавязкаў дырэктара тэатра быў прызначаны першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Увечары 18 жніўня згодна з яго распараджэннем у тэатры з’явіліся супрацоўнікі дэпартамента аховы. На наступную раніцу на дзвярах вывесілі аб’яву, што 19 і 20 жніўня ў тэатры выхадныя дні, таму што ў будынку праходзіць санітарна-эпідэміялагічная апрацоўка. Купалаўцы расцанілі гэтыя дзеянні як „захоп тэатра”.

Каментуючы 21 жніўня сітуацыю вакол Купалаўскага тэатра, Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Цяпер яны спрабуюць напісаць нейкія заявы. А я думаю: яны хацелі свабоды, у іх лозунг быў: „Свабода. Рынак”. Я ім цяпер дам (і даў ужо) поўную свабоду. Ёсць калектыў, заяўляйце ў Амерыку, што прывезяце туды спектакль, едзьце туды і стаўце спектакль. Вам заплацяць долар — падзяліце, заплацяць тысячу долараў — тысячу падзяліце. Не прымуць вас — ну, гэта ж рынак. З’ездзіце ў Расію, пастаўце спектакль. То бок поўная свабода, лятайце, стаўце спектаклі. Мы не будзем у гэта ўмешвацца. І рынкавыя адносіны: колькі зарабілі, столькі і атрымаеце”. Ён зазначыў, што дзяржава датуе сферу культуры, у тым ліку тэатральныя калектывы, але цяпер будзе „поўная свабода і рынкавыя адносіны”. „Што хацелі, тое і арганізуем ім”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.