Завяршаецца турнэ па Беларусі “Музею шакаладу Nikolya”



У Пінску завяршаецца турнэ па Беларусі “Музею шакаладу Nikolya” крымскага майстра Мікалая Папова. Экспазіцыя, якая цалкам зроблена з беларускага шакаладу і ўяўляе сабой гісторыка-архітэктурныя славутасці свету ды дранікі на патэльні, выстаўлялася ва ўсіх буйных гарадах краіны.

DSC_3038

Чарга дайшла і да гораду над Пінай. Выстава размясцілася ў Музеі Беларускага Палесся. Яе ўрачыста адкрыў сам майстар, які паведаміў, што ідэі для твораў прыходзяць у любы момант:

– Можна за адзін вечар стварыць  шмат чаго цікавага. А думкі прыходзяць знянацку. У мяне яны з’яўляюцца, калі я прыходжу да кагосьці ў госці і бачу прыгожую фігурку, і думаю – трэба неадкладна такую ж зрабіць. Мы зрабілі разнастайныя рэчы рознай ступені складанасці. Некаторыя працы на выставе недапрацаваныя. Мы гэта зрабілі адмыслова, каб вы, калі зойдзеце, задумаліся: што гэта, звычайны шакалад? Каб было зразумела, што гэта насамрэч шакалад.

Наведаць «Музей шакаладу Nikolya» можна да 2 лістапада. Кошт квітка для школьнікаў складае 25 тысяч беларускіх рублёў, для дарослых — 30 тысяч беларускіх рублёў, для дашкольнікаў уваход бясплатны. Пасля Пінска экспазіцыю плануюць вывезці ў Польшчу, Літву ды Латвію.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота grodnonews.by