Завяршылася ІІІ Міжнародная летняя школа беларусістыкі



Слухачы амаль з 20 краін цягам двух тыдняў вывучалі беларускую мову, пазнавалі цікавыя месцы Беларусі ды знаёміліся з культурай краіны. Удзельнікі школы, гэта нярэдка асобы, якія арганізуюць беларускае жыццё ў самых розных краінах свету.

Доктар з Львоўскага ўніверсітэта Аксана Арленка:

– Я вывучаю беларускую мову, каб дапасаваць мае навуковыя погляды да разумення свету вачыма беларускай мовы.

Аляксандр Блешчык: Я нарадзіўся ў сярэдзіне Расеі, у самым сэрцы – у Екацярынбургу, на Урале. У мяне беларускія карані. Я беларус. І мне было вельмі цікава. Я ведаў, што беларусы размаўляюць на нейкай сваёй мове.

Хан Сяў Е: У Пекіне, у другім пекінскім інстытуце замежных моваў заснавалі спецыяльнасць “беларуская мова” на факультэце рускай мовы для студэнтаў, якія вывучаюць рускую мову, беларускую могуць абраць па жаданні. Многія студэнты выбіраюць.

Хаймэ Гарсіа Чапара: Нядаўна мы стварылі беларускамоўную групу з дапамогай беларускай амбасады ў Іспаніі. Мы навучаліся гэтыя некалькі месяцаў на курсах беларускай мове. Пакуль ведаем не шмат, але будзем старацца. 

На сёлетнія курсы Міжнароднай летняй школы беларусістыкі прыехала каля 60 слухачоў. Сярод іх тыя, якія Беларусь наведалі ўпершыню. Школа беларусістыкі працавала з 4 па 15 ліпеня.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Фота аўтаркі