Завяршылася летняя экспедыцыя Беларускага архіву вуснай гісторыі



Завяршылася летняя экспедыцыя Беларускага архіву вуснай гісторыі ў Маладзечанскім і Вілейскім раёнах Меншчыны. Яе кіраўнік, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук кажа, што ў гэты сезон, экспедыцыя здолела дапоўніць і прааналізаваць, як праходзіла калектывізацыя Заходняй Беларусі, і як яе ўспрымалі жыхары.

У беларускай гістарыяграфіі практычна няма даследаванняў па калектывізацыі Заходняй Беларусі. Крыху ёсць пра Усходнюю Беларусь. А хіба найбольш фундаментальная праца па калектывізацыі Заходняй Беларусі, напісаная Малгажатай Рухневіч, даследчыцай з Польшчы. Беларускія даследчыкі чамусьці не займаюцца гэтай праблемай, а праблема вельмі важная. Мне здаецца, што разуменне гэтай праблемы, яе аналіз вельмі дапамагае разумець сучасную Беларусь.

Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі праходзіла павольней і не несла такіх вялікіх маёмасных ахвяр, як тое было на Усходзе Беларусі ў пачатку 30-х гадоў. Таму ацэнка палітыкі савецкай ўлады ў вачах сялян не была прасякнута негатывам.

Кажа Алесь Смалянчук:

Большасць людзей пераважна ацэньвала пазітыўна калектывізацыю і можна было зразумець, што ля многіх людзей, а мы размаўлялі з тагачаснай моладдзю, гэты быў пэўны сацыяльны ліфт, гэта быў шанец змяніць жыццё. Ну якія былі перспектывы ў беларускай вясковай моладзі ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы? Ды практычна ніякіх. Нават, калі там нейкім цудам атрымлівалі вышэйшую адукацыю, то часцей заставаліся працаваць на зямлі, бо знайсці годную яго працу беларусу і праваслаўнаму было практычна немагчыма.

Гэта была ўжо трэцяя экспедыцыя па зададзенай тэматыцы. Папярэднія праходзілі на Палессі, і ў Лідскім ды Воранаўскім раёнах Гарадзеншчыны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя