Зберагчы чысціню роднай мовы



У шмат якіх беларускіх падручніках вялікая насычанасць русіфікатарскіх тэрмінаў і чужынскай лексікі. Тыповых парушэнняў сістэмы нашай мовы ў падручніках для сярэдняй школы вельмі багата, згадваў пра гэта яшчэ прафесар Павал Сцяцко ў сваёй кнізе „Культура мовы”. Асабліва крыўдна носьбітам беларускай мовы, якія ёю карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці. Кажа маці чатырох вучняў з Гародні спадарыня Аксана Астроўская:

– І дзяцей маіх, і мяне абураюць такія факты, калі ў беларускамоўных падручніках сустракаюцца яўна рускія словы. Ёсць аналагі беларускія, якія звычайна выкарыстоўваюцца, але чамусьці ў падручніках выкарыстаны рускія аналагі, проста беларускімі літарамі напісаныя.

Таварыства Беларускай мовы павінна сур’ёзна змагацца за чысціню роднай мовы, – мяркуе маці навучэнцаў беларускіх класаў Гародні. Але асноўная прычына ў засьмечанасці беларускіх нарматыўных слоўнікаў, на якія абапіраюцца аўтары і рэдактары беларускіх падручнікаў.

У падручніках актыўна выкарыстоўваюцца русіфікатарскія словы: „скорасць”,  замест – „хуткасць”, „састаўце”, замест – „складзіце”, „індуцыраваныя”, замест – „індукаваныя”, „прамавугольнікі”, замест – „прастакутнікі”, „трохвугольнікі”, замест – „трохкутнікі”,  і г.д. Замест „малюнка” даюць у падручніках  „рысункі”, „хвіліны” замяняюць „мінутамі”, беларускія словы „выкарыстанне”, „ужыванне,”  падмяняюць „прымяненнем”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня