Зборнік вершаў Янкі Купалы на славацкай мове прэзентаваны ў Браціславе



Зборнік вершаў Янкі Купалы ў перакладзе на славацкую мову „Ktoze to tam ide?” прэзентаваны 11 лістапада на Міжнароднай кніжнай выстаўцы Biblioteka Pedagogika ў Браціславе.

Пераклад выдадзены ў год 135-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта і стаў адным з сумесных беларуска-славацкіх культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Славацкай Рэспублікай, нараўне з праведзенай у Браціславе крыху раней выставай карцін беларускага мастака Анатоля Концуба.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня, старшыня Саюза славацкіх пісьменнікаў Міраслаў Б’елік, прадстаўнік Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі, які займаў у 2008-2013 гадах пасаду пасла Славакіі ў Беларусі, адзін з перакладчыкаў і складальнікаў зборніка Мар’ян Серватка, а таксама дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва саюзаў беларускіх і славацкіх пісьменнікаў для актывізацыі двухбаковых культурных сувязей. На прэзентацыі было адзначана, што выданне вершаў Янкі Купалы на славацкай мове істотна папаўняе літаратурную і духоўную спадчыну двух народаў.

Асобныя творы Янкі Купалы і раней перакладаліся на славацкую мову, аднак зборнік быў выдадзены ўпершыню. У чэрвені „Ktoze to tam ide?” быў прэзентаваны ў Менску.

Прэзентацыя зборніка на выстаўцы ў Браціславе была арганізавана Саюзам славацкіх пісьменнікаў і пасольствам Беларусі ў Славакіі.

belta.by