Жаночы погляд на мастацтва ў гарадзенскім “Тызенгаўзе”



Прадстаўнікі мастацкай суполкі пры незалежным Саюзе Палякаў у Беларусі сабралі амаль тры дзясяткі прац, каб паказаць іх у гарадзенскай галерэі “Тызенгаўз”.

Выстава мае назву “LadyART” і паказвае жаночы погляд на рэчаіснасць, – распавядае кіраўнік мастацкай суполкі Валянціна Брысач.

– На выставе прадстаўлены 28 прац. Гэта, можна сказаць, інтэрпрэтацыя жаночага погляду на рэчаіснасць. Кожны з тых, хто выстаўляе свае працы, кожная жанчына, нейкімі асабістымі артыстычнымі сродкамі выказалі свае пачуцці, эмоцыі, погляды, можа нейкія ўспаміны.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна кажа, што выстава мае свае асаблівасці.

– Асаблівасць сапраўды ў жаночым поглядзе на свет. Як логіка жаночая можа быць неспадзяванай, так і неспадзяванай можа быць любая праява гэтай логікі і любая праява погляду на жыццё. І сапраўды ў нас абсалютна розныя працы – і па стылістыцы, і па матэрыялах, і па тэхніках выканання.

Гарадзенцы змогуць паглядзець экспазіцыю цягам двух тыдняў, пасля гэтага яна будзе прадстаўлена ў польскіх гарадах.

Беларускае Радыё Рацыя