Журы назвала пераможцаў першай Прэміі беларускай кінапрэсы „Чырвоны верас”



Перад галасаваннем за лаўрэатаў прэміі, каманда кінакрытыкаў і кіназнаўцаў прагледзела вялікую падборку беларускіх фільмаў за 2019 і 2020 гады.

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку сябра журы Ірэна Кацяловіч.

„Калі б не знаходзіліся ў розных краінах, то з калегамі-кінакрытыкамі, напэўна, выпілі б віна. За тое, што  арганізавалі першую Прэмію беларускай кінапрэсы „Чырвоны верас“ і зрабілі яе аскетычнай і прыгожай, — напісала Ірэна Кацяловіч. — У нас не будзе цырымоній, інструментальнай музыкі ў холе і выхадаў на сцэну: шмат хто з нас не ў Менску, а вакол вайна. Але спадзяюся, гэтыя адзнакі нагадаюць: беларусам патрэбна беларускае кіно».

Ліст пераможцаў прэміі беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас» выглядае так:

Найлепшы гульнявы поўнаметражны фільм: «II» («Два») Улады Сяньковай

Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм: «Возера радасці» Аляксея Палуяна

Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм: «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа

Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм: «Тата» Марыі Якімовіч

Найлепшы анімацыйны фільм: «Царства зорак» Івана Гапіенкі

Найлепшы рэжысёр: Максім Швед

Раней паведамлялася, што арганізатарамі прэміі «Чырвоны верас» сталі чацвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар’я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі.

Дызайн прэміі стварыў прадпрымальнік і рэжысёр Іван Маслюкоў.