„Жывая Бібліятэка” адзначыла трэці дзень народзінаў



Кнігі, якія ніколі не пабачыш на паліцы, – гэта людзі. „Жывая Бібліятэка” – незвычайны фармат знаёмства з гісторыямі розных асобаў, які ўжо тры гады існуе ў Беларусі. У менскай прасторы „Сталоўка XYZ” прайшла ўрачыстая імпрэза да дня народзінаў гэтага праекта.

Кажа каардынатарка „Жывых Бібліятэк” у Беларусі Марына Штрахава:

– Сутнасць Жывой Бібліятэкі – гэта паказ разнастайнасці і таго, што нашае грамадства ў тым ліку, як і ўсе астанія, хворае на адныя і тыя ж рэчы. Умоўна кажучы „стандартныя кнігі”, якія ёсць ва ўсіх краінах – гэта ўсё што звязана з нацыянальнасцю, рэлігіяй, гендэрам чалавека. Усё гэта выклікае непаразуменне ці вельмі шмат пытанняў. У гэтым сэнсе мы не надта моцна адрозніваемся ад нашых краін-суседак.

За тры гады існавання каманда здолела знайсці больш за дзвесце „жывых кніг” ды правяла безліч мерапрыемстваў у розных гарадах краіны.

„Жывая Бібіліятэка – гэта так проста і адначасова пра такое складанае. Людзі проста размаўляюць, мы дапамагаем ім сустрэцца, але гэта працуе на вельмі высокія каштоўнасці”, – дадае Марына Штрахава.

 

Канцэпцыя Жывой бібліятэкі паўстала ў Даніі, і зараз падобныя сустрэчы ладзяцца ў больш чым сямідзесяці краінах свету. У Беларусі адпаведныя мерапрыемствы праходзяць у Менску, Гародни, Берасці, Віцебску, Маладэчне ды Бабруйску.

Падрабязней слухайце ў далучаным файле:

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск