«Жыве беларуская вёска!». Новы кліп «Драздоў»



Гурт «Дразды» прэзентуе на партале TuzinFM кліп на песню «Вёска». Віталь Карпанаў праз відэа вырашыў выказаць сваё стаўленне да беларускай вёскі і беларускай мовы.

Віталь выступіў ня толькі як аўтар і выканаўца песні, але і як рэжысёр кліпа. Здымалі кліп разам з аператарам Максімам Малахавым у роднай вёсцы музыкі Сівіца, што ў Валожынскім раёне. «Я шчыра люблю беларускую вёску, бо нарадзіўся і вырас у глыбінцы, – распавядае TuzinFM лідар «Драздоў». – Мы шмат гастралюем і па-сапраўднаму адпачнуць я магу толькі ў бацькоў дома. І няхай у вёсцы ёсьць складанасці, але ёсць і пазітыў. Напрыклад, акрамя дамоў сталічных дачнікаў з’яўляецца ўсё больш фермераў, якія развіваюць сваю справу. Ну і вясковыя дзеткі даюць надзею на лепшае».

Гэта другая песня ў рэпертуары «Драздоў» па-беларуску. Дэбют быў у 2013 годзе з трэкам „Каханая дзяўчына”. «Я хачу, каб жыла і беларуская вёска, і беларуская мова. Вакол нас усё больш людзей, якія размаўляюць па-беларуску, у нашым складзе з’явіўся новы ўдзельнік Фёдар Гурвіч, які грае на пэркусіі ды робіць сальта падчас канцэртаў, ён размаўляе выключна на мове. І мы ўсім гуртом рухаемся ў гэтым кірунку», – заяўляе Віталь Карпанаў.