Зімовы фэст: свята Раства і экалогіі



Каля прыхода свяціцеля Мікалая Японскага ў Менску разгарнуўся сапраўдны калядны фестываль з гульнямі, спевамі ды пачастункамі. Наведвальнікі змаглі далучыцца і да экалагічных майстар-класаў, арганізаваных Цэнтрам экалагічных рашэнняў —  навучыцца рабіць кармушкі для птушак, размалёўваць эка-торбачкі. А таксама людзі, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, ды шматдзетныя сем’і атрымалі патрэбныя рэчы, адзенне ад дабрачыннага праекта «KaliLaska».

Распавядае настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага протаіерэй Павал Сярдзюк:

«Мы зараз святкуем нараджэнне Госпада Ісуса Хрыста. Калі мы жывем у вялікім горадзе, то тыя калядныя звычаі, які існуюць у вёсцы не выкарыстоўваюцца, таму мы запрашаем нашых прыхаджан і ўсіх, хто жыве побач, на калядкі праславіць Хрыста, які прыйшоў у наш свет і збаўляе нас ад адзіноцтва ды смерці».

Дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў адзначыў, што іх супраца з прыходам доўжыцца ўжо амаль два гады і за гэты час рэалізавана багата праектаў.

«Летась прыход сумесна з эка-актывістамі стварылі першую ў Менску эка-сцежку „Каменная горка” з інфармацыйнымі стэндамі і кропкамі назірання за птушкамі. Цяпер па ёй водзяць экскурсіі, а таксама праводзяць заняткі для вучняў бліжэйшых школ.»

Сярод выступоўцаў зімовага фестывалю спявак Аляксандр Анісімаў,  ўдзельнікі студыі «Варгін» , хрысціянскі гурт «Laudans», этна-гурт з Польшчы «Жэмэрва», а таксама спецыяльныя госці фэста і сябры прыхода Лявон Вольскі ды Зміцер Вайцюшкевіч.

Гэты фестываль ужо трэці па ліку, праведзены ў прыходзе свяціцеля Мікалая Японскага. Летась супольнымі высілкамі прыхаджан, служэнства і эколагаў былі зладжаныя Траецкі і Восеньскі фэсты, якія таксама сабралі вялікую колькасць вернікаў, аматараў культуры ды экалогіі.

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя