Зміцер Пачынка суб’ектыўна пра берасцейцаў



’’Суб’ектыўнасць’’ – такая выстава адкрылася у Берасці. Яна ўвабрала ў сябе дваццаць шэсць фатаздымкаў берасцейскага фатографа Змітра Пачынкі. Большасць фатаздымаў – гэта людзі, якія могуць уяўляць цікавасць для сённяшняй гісторыі Берасця, яшчэ адная частка – блізкія і родныя фатографа.

Зміцер Пачынка патлумачыў, што выстава – гэта яго суб’ектыўны погляд на канкрэтных людзей:

– Выстава называецца “Суб’ектыўнасць”, таму што на мой погляд, не існуе аб’ектыўнай кропкі гледжання. Кожны асобна ўзяты чалавек для кагосьці можа быць злодзеем, а для кагосьці самым лепшым у свеце чалавекам. Таму цяжка судзіць і рабіць нейкія высновы аб чалавеку. Плюс, калі дамаўляешся з кімсьці пра здымкі, ёсць непрацяглы час, каб даведацца пра чалавека, і тут пра ніякую аб’ектыўнасць не можа быць гаворкі. Таму здымкі – гэта мой выключна суб’ектыўны погляд на тых, каго я фатаграфаваў.

На фатаздымках у выставачнай зале гатэля ’’Эрмітаж’’ можна знайсці такіх асобаў, як берасцейскага мастака Льва Алімава, рэдактара незалежнай газеты ’’Брэсцкі кур’ер’’ Мікалая Аляксандрава, берасцейскую маладую дызайнерку Марыю Рэдзько, лідара рок-гурту ’’Дай Дарогу!’’ Юрыя Стыльскага, архітэктара Аляксея Андрэюка.

Беларускае Радыё Рацыя