Зміцер Вайцюшкевіч: Беларусь усё роўна будзе!
Многія даследчыкі ўпэўнены, што беларуская нацыя яшчэ знаходзіцца ў працэсе фармавання. Адную з ключавых роляў у ім адыгрываюць музыка і песні, якія дазваляюць найхутчэй перанесці выбраныя нацыянальныя каштоўнасці на ўзровень калектыўнай свядомасці беларусаў.
Таму заўсёды асаблівую засцярогу выклікае менавіта становішчы культуры ў Беларусі. Як і масавы ад’езд дзеячаў культуры з краіны.
Зміцер Вайцюшкевіч – яскравы прадстаўнік беларускай культуры. Музыка вядомы папулярызацыяй беларускага фальклору, сучаснай паэзіі, а таксама ўдзелам у такіх важных для нацыі праектах, як „Narodny albom” і „Я нарадзіўся тут”.
Навіна пра тое, што Зміцер Вайцюшкевіч выступае ў Бельску Падляшскім, адразу спарадзіла пытанне, ці не вымушаны ён быў часова пакінуць Радзіму. З гэтымі ды іншымі пытаннямі пра выжыванне культуры ў сучаснай Беларусі наша карэспандэнтка Вольга Сямашка звярнулася непасрэдна да „Госця Рацыі” – музыкі і спевака Змітра Вайцюшкевіча.

З „Госцем Рацыі” музыкам і спеваком Змітром Вайцюшкевічам размаўляла Вольга Сямашка.
РР: Вы ў Польшчы часова? Вы не з’ехалі?
– Не, я туды-сюды езджу. Дзеці з жонкай у Варшаве, а я на Нёмане.
РР: То бок гэты хутар Вайцюшкі ў надзейных руках і вы працягваеце сваю дзейнасць?
– Працягваю пакуль гэта магчыма.
РР: Як вы ўвогуле ацэньваеце культурнае жыццё ў Беларусі? Ці ёсць пульс?
– Пульс ёсць, проста культурнае жыццё зараз пад плінтусам. Нехта нешта робіць. Раней гэты былі нейкія інфармацыйныя каналы, праз якія можна было даведацца, прачытаўшы „Нашу Ніву” ці яшчэ што-небудзь і так далей. Зараз гэта, як у старыя часы – з вуснаў у вусны перадаецца. Паэты, кампазітары пішуць музыку. Канешне ўсё вельмі складана. Але як у гэтых абставінах можна забараніць пісаць вершы ці думаць. Ты ж усё роўна нейкім чынам рэфлексуеш на тое, што адбываецца. Людзі і ў вайну любілі, кахалі адзін аднаго і пісалі вершы, пісалі лісты адзін аднаму, гэта таксама творчасць.
РР: Ці зараз лёгка арганізаваць канцэрт у Беларусі?
– Не, гэта немагчыма. Я пакуль што творчасцю займаюся. Развіваю сам сябе, нейкая там навука праз курсы, тое што мне цікава, сімфанічная музыка і так далей. Займаюся на фартэп’яна, на гітары штодня займаюся па гадзінцы, каб проста ўдасканальваць тое майстэрства, якое можна развіваць.
РР: ЦІ ёсць зараз „чорныя спісы” і ці ўваходзіце вы ў іх?
– Я не ведаю. Напэўна таму, што зараз немагчыма арганізаваць канцэрт з маім прозвішчам. Я не ведаю. Скажам так, я гэта прайшоў 10 год назад, таму зараз гэты працэс для мяне не такі катастрафічны маральна, як напрыклад для шмат каго, хто ўсё жыццё выступаў, проста ў мяне гэта адбылося нашмат раней. Зараз вельмі складана музыкам і ўсім творчым людзям, а таксама ўсім, хто мае сваю ідэю, гэта вельмі складана.
РР: Ці не скажацца ад’езд людзей культуры на Беларусі?
– Ведаеце, я спадзяюся на тое, што не. Па-першае, дзякуючы інтэрнэту яно ўсё роўна пераносіцца. Ужо немагчыма паставіць сцены, муры, каб гэта ўсё не існавала. Таму пакуль, мне здаецца, гэтыя працэсы толькі будуць расці. Я хацеў бы так думаць. Канешне гэта ўсё ўскладняе, але на працягу 20-30 гадоў вельмі шмат што ўскладняла, а яно ўсё роўна разраслося. Працэс, мне здаецца не спыніць, гэта ўсё мы праходзілі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Альбом Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra „Вясёлка над плёсам” на словы Аляксея Пысіна даступны тут:
Беларускае Радыё Рацыя
