Зміцер Вайцюшкевіч зладзіў творчую вечарыну на Лідчыне



Беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч зладзіў творчую сустрэчу на Лідчыне. Вечарына праходзіла ў аграсядзібе “Гасьціна”, што месціцца непадалёк ад горада Бярозаўка, дзе нарадзіўся і жыў артыст. Таму і назва імпрэзы насіла назву адной з яго песень – “Я нарадзіўся тут”.

Акрамя сяброў і знаёмых Змітра Вайцюшкевіча з роднай яму Лідчыны і Наваградчыны на вечарыну завітала таксама шмат прыхільнікаў яго творчасці з Менска і другіх куткоў Беларусі. Музыка выканаў перад публікай шэраг песень на словы беларускіх паэтаў з розных этапаў сваёй творчасці.

– Шчыра, я рады. Такія сустрэчы – гэта спосаб камунікацыі людзей. Яны даюць больш момантаў для развагі, для канцэнтрацыі на сваіх пытаннях. Можна нават пар выпусціць. Гэта я лічу вельмі важным у сённяшніх складаных абставінах – крызісных, эканамічных, палітычных і навт псіхалагічных. Гэта важна.

Нагадаем, што супрацоўнікі Лідскага аддзелу міліцыі напярэдадні канцэрту спрабавалі перашкодзіць яго правядзенню. Выклікалі на размову да сябе гаспадара сядзібы, дзе рыхталавался імпрэза. Рэкамендавалі адмовіцца ад яе арганізацыі. Але, нягледзчы ні на што, творчая сустрэча Змітра Вайцюшкевіча у Лідскім раёне – адбылася. Што праўда, пад наглядам міліцыянтаў.

 

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара