Знойдзены раней невядомы верш Максіма Багдановіча



Вучоныя-літаратуразнаўцы Беларусі і Расеі знайшлі раней невядомы верш класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Пра гэта паведаміў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота сёння ў Маскве на адкрыцці экспертна-медыйнага форуму „Маладыя вучоныя як прыярытэт Саюзнай дзяржавы”.

Як растлумачыла намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры Расейскай акадэміі навук Дар’я Маскоўская, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ў сувязі з адзначаемым у бягучым годзе 150-годдзем з дня нараджэння Максіма Горкага ініцыіраваў паўторна і больш грунтоўна вывучыць сувязі пісьменніка з сям’ёй Багдановічаў. У выніку зусім выпадкова быў знойдзены сшытак з вершамі беларускага паэта. Гэты сшытак беларускія даследчыкі шукалі амаль 100 гадоў, ён згадваецца ў перапісцы Максіма Горкага. „Тады яго не знайшлі. Але сшытак ніхто не хаваў, проста ў архіве ён, на жаль, трапіў не ў тую папку”, – сказала Дар’я Маскоўская.

Сшытак датаваны самім Максімам Багдановічам 1913-1914 гадамі – тады малады паэт жыў у Яраслаўлі і вучыўся ў Дзямідаўскім ліцэі. Адзін з вершаў у ім, напісаны на рускай мове, аказаўся невядомым. Прычым Максім Багдановіч пазначыў, што гэта – пераклад з беларускай мовы. Аднак, як запэўніваюць даследчыкі, беларускамоўны арыгінал твора нідзе і ніколі не публікаваўся. Зрэшты, як і яго рускамоўны варыянт.

„Гэта сапраўдная сенсацыя”, – рэзюмавала Дар’я Маскоўская.

belta.by