“Зорка Бэтлеему”



Конкурс каляднай песні прайшоў у Мёрскім доме культуры. У ім прымалі ўдзел больш за сто прадстаўнікоў каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. Дзеці і моладзь выконвалі песні і інструментальныя кампазіцыі на тэму Раства, а таксама танцавалі і ўдзельнічалі ў гульні.

Паводле арганізатара мерапрыемства, пробашча мёрскай парафіі Кшыштафа Мянкіны, гэты конкурс у Мёрах яны ладзяць ужо шаснаццаты год.

– Ідэя прыйшла тады, калі мы зразумелі, што зімой у час канікулаў дзецям няма чаго рабіць. І мы падумалі, што моладзь магла б прэзентаваць сябе і паказаць радасць Божага Нараджэння. І так мы гэта працягваем. Што да колькасці ўдзельнікаў, то на пачатку было вельмі многа, а пасля прыйшоў час злучэння і г.д., і былі такія худыя гады, калі толькі 6 каманд удзельнічала. А сёння дванаццаць.

Пасля конкурсу прысутныя маглі паслухаць канцэрт мясцовага моладзевага гурта «Fire of Love» і паспяваць разам з ім. Напрыканцы імпрэзы журы назвала пераможцаў конкурсу, сярод іх аказаліся прадстаўнікі Шаркоўшчыны, Лучая і Мёраў. А таксама ўручыла прызы глядацкіх сімпатый, падарункі кожнай парафіі і суцяшальныя салодкія прызы ўсім удзельнікам конкурсу.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі