“Зоркі над Гародняй” у гарадзенскім ОлдСіці



Гарадзенскі фатограф і выкладчык Сяргей Марозаў прадставіў у гандлёвым цэнтры ОлдСіці свой праект “Зоркі над Гародняй”. Выстава зроблена ў незвычайным фармаце – здымкі з гарадзенскім драматычным тэатрам, сінагогай, каланчой ды іншымі знакамітасцямі на фоне зорнага неба вісяць у выглядзе зорак на другім паверсе гандлёвага цэнтра.

Пра выставу распавядае Сяргей Марозаў:

– Гэта частка большага праекта “Маналог з сусветам”. Там фатаграфаваў наогул зорнае неба. Гэта частка гэтага праекта – зоркі над Гародняй. Знятыя набольш значныя гістарычныя помнікі Гародні з зорным небам. На працягу двух гадоў гэта ўсё здымалася. Апошнія здымкі рабіліся месяц-паўтара таму.

Па словах Сяргея Марозава, такія здымкі можа рабіць любы фатограф, які мае фатаграфічны апарат, а пра тое як злавіць зоркі на фота – можна пачытаць у інтэрнэце.

Выстава ў гарадзенскім ОлдСіці будзе дэманстравацца да 29 кастрычніка.   

Беларускае Радыё Рацыя