«Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах



XX Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» пачаўся ў Паставах. У межах фэсту ўжо адбыліся прэзентацыі кніг, у тым ліку кнігі арганізатара фестывалю Тадэўша Стружэцкага «Беларускія народныя музычныя інструменты». Таксама ладзіліся мастацкія, літаратурныя, тэатралізаваныя ды музычныя імпрэзы.

Але асноўнай падзеяй фэсту, канешне ж, з’яўляецца традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?» Кажуць яго наведвальнікі:

— Я з Мядзеля. Гэта ж такая падзея для нас, мясцовых беларусаў. Непаўторна. Я ў такім захапленні, што не магу апісаць. Мне падабаецца ўсе: і прыбалты, і беларусы, і украінцы. Толькі шкада, што ўжо трэба ехаць дамоў, бо хацелася б яшчэ пабыць. Ну вельмі добра.

— Магу сказаць толькі адно: з кожным годам рэпертуар становіцца слабейшы. Вядома, ёсць і вельмі цікавыя калектывы, якія прыемна слухаць. Але, на жаль, можа я і не маю рацыі. Я ўжо пяць-шэсць гадоў прыязджаю сюды. Вядома, гэта найбольшае свята ў Паставах.  

 У апошні дзень фестывалю, нядзелю, пастаўчан і гасцей горада чакае канцэрт беларускай і класічнай музыкі. Выстава-продаж вырабаў народных майстроў Віцебскай вобласці. Канцэрт ваеннага духавога аркестра.

 Тэатралізаванае шэсце і заключны гала-канцэрт удзельнікаў ХХ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

Таццяна Сміоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара