Звольнены дырэктар ТЮГа Уладзімір Савіцкі



Тэлеграм-канал BY_culture паведамляе, што 20 студзеня быў звольнены дырэктар Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі.

Падрабязнасцяў пра звальненне Савіцкага пакуль няма, але яно добра ўкладаецца ў агульную логіку падзей.

Апошнім часам звальненні палітычна нядобранадзейных супрацоўнікаў сферы культуры ідуць масава, міністр культуры Анатоль Маркевіч учора публічна паведаміў, што звольненыя ўжо больш за 300 спецыялістаў.

Беларуская рада культуры адзначае, што «маюць месца звальненні кіраўнікоў і іншых мінскіх тэатраў», але ім прозвішчы пакуль не называліся.

Уладзімір Савіцкі ў розных тэатрах паставіў болей за 40 спектакляў па матывах класічнай і сучаснай драматургіі. Творца паслядоўна вывучаў, прапагандаваў і перакладаў на сцэнічную мову лепшыя творы беларускай літаратуры — сучаснай і класічнай: «Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Я. Баршчэўскага, «Балада пра каханне» па матывах «Альпійскай балады» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Сны аб Беларусі» паводле У. Караткевіча (усе спектаклі з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы).
На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску Уладзімір Канстанцінавіч паставіў «Ветрагоны» У. Галубка і «Апошніх сведак» С. Алексіевіч, у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі — «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, у Мінскім абласным драматычным тэатры — «Свінтус грандыёзус» паводле К. Крапівы.

З 27 красавіка 2010 года Уладзімір Савіцкі быў галоўным рэжысёрам, мастацкім кіраўніком Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

[manual_related_posts]