Італія – Францыя – Манака



06.08.2013 Італія – Францыя

Намёт разбілі на запраўцы. З-за таго, што рабілі гэта ўначы, не пабачылі, што зямля была пакрытая маленькімі каменьчыкамі. Сабраўшы раніцай намёт, адразу зразумелі, адкуль атрымалі порцыю начнога масажу.

Гарачае італьянскае надвор’е, прыгожыя краявіды, эмацыйныя італьянцы ды класныя машыны сустрэліся нам у час падарожжа праз Італію. Нам, як заўсёды, пашанцавала: аўтаспын быў хуткі і лёгкі, але вельмі-вельмі спякотны. Спыняліся толькі італьянцы. Дзіўна было тое, што ніхто з іх не ведаў англійскай мовы, і яны проста размаўлялі з намі на італьянскай, размахваючы рукамі, нібы мы іх разумеем. Усю дарогу мы штосьці расказвалі пра нас і нашу краіну, выкарыстоўвалі свой творчы патэнцыял, махалі рукамі ды малявалі. Калі сітуацыя выйшла з-пад кантролю і мы ўвогуле не разумелі, куды нас вязуць, то на дапамогу ў паразуменні нам прыйшла Марыя – беларуска, якой патэлефанаваў італьянец, які нас падвозіў. Яна нам і патлумачыла, у чым справа і куды нас вязуць. Завезлі нас у месца, дзе было лёгка злавіць наступнае аўто. Так на трох машынах мы даехалі да Мілана, адкуль нас забрала вельмі экспрэсіўная італьянка, якая добра валодала англійскай, слухала добрую музыку ды паліла «Джоін».

Распавяла нам пра Італію і пра тое, як дрэнна яны жывуць. Пра Беларусь яна добра ведала, і пра нашу палітычную сітуацую таксама. Варта адзначыць, што ўсе ведаюць пра тое, што ў нас адбываецца, кажуць, што беларусаў тут шмат – яны прыязджаюць на працу і пра нас вельмі пазітыўна адгукаюцца. Дзяўчыне так спадабаўся план нашага падарожжа, што яна захацела паехаць з намі, але ўсё ж такі справы ўзялі верх, і яна адмовілася, але напрыканцы нават паспрабавала злавіць для нас наступную машыну. Але калі трэцяя машына не адрэагавала на яе «scusi», яна сказала «fack you» з адпаведнай італьянскай інтанацыяй, пажадала ўсяго найлепшала ды паехала дадому на мора.

Тым часам мы знаходзіліся ўжо недалёка ад мора, адчувалі яго пах і паветра. Да месца прызначэння – Каны, Францыя – заставалася каля 100 км. Звілістая дарога праз горы, танэлі, над самым морам – усе, як у фільмах, толькі насамрэч, аж дух перахоплівае ад прыгажосці. Пад дарогай гарады ды вёскі, а ў далечыні лазурныя берагі ды белыя яхты.

Ад Італіі да Кан мы праехалі на фуры з румынамі, якія, нягледзячы на забарону, высадзілі нас на аўтастрадзе, дзе «Ферары» ды «Мазэраці» ездзяць на хуткасці 160 км. Там мы і прастаялі паўтары гадзіны. Да Кан 2 кіламетры, а пешшу прайсці няма дзе. Праз паўтары гадзіны ў адчаі, рызыкуючы жыццём, мы вырашылі ісці ды стопіць па дарозе. Толькі мы адышлі 3 метры, як спынілася машына! Мы ўсцешаныя, стомленыя, бяжым да яе, заглядаем – а там поўна дзяцей і тата за рулём. Увогуле не разумеючы, як мы змесцімся, усё ж такі ўціснуліся побач з дзіцяці ды такім чынам даехалі да Кан.

 

francyjaКраявіды Францыі

 

kany_plazКанскі Пляж

_____________________________________________________________________________

 

07.08.2013 Кан

Hello Connes!!! Bonjour France…

Нарэшце ў Канах, моооора! Уууууууу.. сапраўды апельсіны на дрэвах растуць 🙂

У Канах нас чакаў каўчсёрфер-мараканец з французскім пашпартам. Як вызначылася пазней вельмі прынцыпіяльны чалавек з дыспатычнымі схільнасцямі. Абмежаваў нас ва усім! Туды не хадзіць, гэта не чапаць, тут не сядзець, у акно не глядзець.

Прыехалі мы на дзень раней, чым планавалі, таму ў яго дома пазнаёміліся з двума іншымі каўчсёрферамі з Аўстрыі, якія таксама крочылі ў Партугалію. Адзначылі прыезд французскім віном ды сырам, пасля і размова пайшла прасцей). Даведаліся, што жабіныя лапкі гэта з большага „клішэ” ды замануха для турыстаў.

У Францыі таксама цяжка з англійскай! Не размаўляюць і не заганяюцца !:)

На наступны дзень на пляжы сустрэлі групу расіян. Нас паўсюль атакуць расіяне :(… Здзівіла жанчына Лена з Масквы пытаннем „Вы таксама лічыце, што Беларусь, гэта не Расія?” І прапанавала нам, славянам, трымацца разам! Разгарэлася спякотная дыскусія на тэму гісторыі ды нацыянальнай прыналежнасці. Да бойкі не дайшло, толькі таму, што група павінна была вяртацца ў гатэль… Камусьці з нас пашанцавала))).

Захапіўшыся прыемнай атмасферай Кан, мы прагулялі амаль да самай ночы, не ведаючы нават пра тое, што апошні аўтобус да дому нашага каўчсёрфера пайшоў а 20 гадзіне вечара. Тут увогуле ўсё і ўсе адпачываюць па начах ды вечарах, працуюць толькі бары ды рэстараны. Паўсюль тусэ ды дыскатэкі…  У паніцы насіліся па Канах у пошуках транспарту.  У выніку па горадзе паехалі таксама спынам:)

Атмасфера Кан – „селебрыці”. Вельмі адчуваецца фестывальны дух, паўсюль здымкі зорак ды чырвоныя дарожкі. Пальмавыя веткі, як сімвал знакамітага кінафестываля.

* * *

Bonjour Monaco!!!

Вельмі маленькая дзяржава, памер якой складае ўсяго 2 кіламетры, але, як нам падалося, кожны сантыметр уяуляе сабой культурна-мастацкую каштоўнасць. Толькі тут можна сустрэць такую колькасць класных машын, такіх як Феррарі, Ламбаргіні ды Эстан Марцін, як нідзе ў свеце. Таксама тут праводзіцца вельмі знакамітая па ўсім свеце гонка Формула-1 „Гран-Пры Манака”, пры гэтым уся траса, як нам паведамілі, праходзіць па вуліцах горада і з’яўляецца самай вузкай трасай у міры. Монте-Карла знаходзіцца на гарах, таму з усіх бакоў можна ўбачыць неверагодныя краявіды, што робіць гэтае месца проста незабыўным! Шмат разоў глядзелі на малюнкі ды відэа, але не верылі, што такое месца можа існаваць, таму перад вандроукай хваляваліся, што яго проста няма. І мы прыедзем у нікуды. Не паверыце! Сапраўды існуе! Таму жадаем кожнаму тут пабываць.

Апошні дзень у Канах. Сёння пачынаецца фестываль феерверкаў. Каўчсёрфер прымае новых гасцей з сабакам Zippa… Глядзім ток-шок „Я і мая Сабака” ў жывую 🙂

Песня Кан – рык Фэррары і стрэкат цыкад)

Au revouir Cannes…

_____________________________________________________________________________

 

08.08.2013

Усе б было цудоўна, калі б не было так сумна. Уначы каўчсёрфер-псіхапат нас выгнаў з дому.

Вечар пачынаўся добра, пазнаёміліся з Дамінікай і Заппай (сабакам) з Нямеччыны, паглядзелі канскі феерверк, усе разам пасядзелі ў бары… усё як заўседы… нічога не прадвяшчала бяды, пакуль не вярнуліся дадому. Яшчэ зранку ведалі, што да яго прыедуць тры дзяўчынкі з Нямеччыны, і што будзе клопат з размяшчэннем. Прапанову Саліма разам спаць, успрынялі за жарт, а пабачыўшы, што дзяўчынка прыехала адна, увогуле расслабіліся – усе змесцімся ў living room! Але не тут тое было… Не дарма людзі кажуць „у кожным жарце есць толькі частка жарту”… і… у дзве гадзіны ночы, не пагадзіўшыся з „умовай” мы апынуліся out side!

Аўтаспын уначы не горшы за дзённы. А палове на чацвёртую спыніўся Антоніо з Італіі, што мусіў нас завезці амаль да самай іспанскай мяжы. Больш за чатыры гадзіны чакалі на разгрузку, а потым даведаліся, што шеф змяніў маршрут кіроўцы, тым самым скраўшы каштоўны час.

З-пад Марсэля паехалі з іспанцамі. І зноў па-ангельску не бум-бум.. (Каб неяк падтрымаць размову, Аксана пачала ўзгадваць тое, што вучыла ў школе на працягу 11 год, але дыялог больш паходзіў на гульню „кракадзіл”).

Спадар Хав’ер з дачкой Саянай вярталіся таксама з Канн, паказвалі здымкі з іх тусэ і аказаліся сябрамі самаго Вуді Алена!

 

ispaniaa2Іспанскі вецер здуваў нас з ног! Шырокая траса, шмат пустынна-горных сцепей, адчуванне, нібы  тэлепартаваліся ў Мексіку – атмасфера з фільмаў з Антоніо Бандэрасам 🙂

 

ispaniaa1Buenos  tardes, Barcelona !

Па-за намі больш за палову дарогі і ~2600 км.