Лісабон – Мыс Рока



17.08.2013

6.40 – Лісабон, Дыяна мела рацыю… На вуліцы цёмна, ветрана ды непрыемна. Пакуль дабраліся да цэнтра сонца ўзыйшло.

1imageРаніца… на сонейку блішчыць адпаліраваная турыстамі брукаваная дарога.

 

Раніцай Лісабон нас напалохаў. Навокал ні душы, толькі смецце ды медузы валяюцца. Паусюль антысанітарыя нейкая і дамы напаўразбураныя стаяць. Выглядала ўсе жахліва. 3imageІ так тут паўсюль і не толькі раніцай.

 

А 10-й знайшлі хостэл ды пайшлі паглядзець горад і пазнаёміцца з Партугальцамі. 4imageУ хостэле.

 

Знаёмства з горадам пачалі са знакамітага трамвайнага маршрута нумар 28. Жоўты трамвай – сімвал Лісабона, маршрут якога пралягае праз стары горад і яго галоўныя каштоўнасці, едзе ён праз самы стары раён Лісабона – Алфама. Вуліцы вузкія-вузкія, адчуванне, што на паваротах трамвай наедзе на дамы, але яны неяк ухіляюцца. Увогуле, адчуванне, нібы не ў той эпосе апынуліся: на вуліцах, як і на малюнках, маяткі ды прасціны вісяць, з вокнаў выглядаюць людзі ды брэшуць сабакі, а сярод гэтага ўсяго турысты шастаюць. Гуляючы па гэтым раёне, адчуваецца цяжкая гісторыя горада ды перажыты калісьці землятрус. Прыемна было паразмауляць з жыхарамі гэтага раёна і даведацца пра яго гісторыю… Мы, канешне, мала што зразумелі, але ўвесь час нам падавалася, што вось-вось і ўсе стане ясна, занадта партугальская мова да польскай падобная, але, на жаль, не так усё проста. Зразумелі толькі пра земляткус і што шмат чаго знішчана было. Ды і бабулі цяжка тут жывецца: крызіс, дорага ўсё! Мы, дарэчы, гэта таксама заўважылі. Даражэй, чым у Іспаніі! На хвілінку заглянулі да бабулі ў госці. ВАУ! Ды тут подушкі, таксама як у нас, трохкутнікам на ложку ставяць. Атмасфера дзіўная… Старадаўняя, але ўтульная. Паглядзелі, як сапраўдныя партугальцы жывуць! Падзякавалі бабулі за інфармацыю і пайшлі далей гуляць.

5imageТой самы трамвай, ды чарга турыстаў.

 

6imageВуліцы Алфамы.

 

7imageДыяна на фоне раёна Алфама.

 

8imageСтаражытны мост 25 красавіка.

 

Тут, у Лісабоне, трэба ў гумовых ботах хадзіць, занадта дарогі слізкія! Дыяна два разы падала, а потым і “шлёпкі” парвала. Вельмі слізка! У сандалях, як на лыжах. Не раім нікому тут  у такім абутку апынуцца!

Прагуляўшы цэлы дзень па старажытным Лісабоне, увечары апынуліся на самай тусовачнай вуліцы, паўсюль турысты ды бары. Усё бітком перапоўнена, ва усіх імпрэза-субота: усе п’юць, паляць ды недакуркі паміж брукаванымі косткамі сунуць.

У Партугаліі не так, як у Іспаніі: амаль ніхто на вуліцах не прыстае, ды і пазнаеміцца з кімсьці трошкі цяжэй.

Увогуле, старажытны Лісабон выглядае вельмі дэкаратыўным, складзеным з каляровых плітачак ды кованых балконаў. Нам падалося, што гэта месца для мастакоў, фатографаў ды прыхільнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

9imageЗвычайны дом.

 

Наступным днём паехалі на новы Лісабон глядзець! Апынуліся нібы ў будучыні! Усё, як паўсюль: прыгожыя дарагія гатэлі, шкляныя хмарачосы ды новы 17-кіламетровы мост.

10imageНовы Лісабон!

 

11image17-кіламетровы мост у новым Лісабоне!

 

Да раёна Белен, які славіцца сваімі галоўнымі каштоўнасцямі: Беленскай вежай і манастыром Жэранімуш – мы так і не дайшлі… Стаміліся ад гарадоў і мітусні. Вырашылі ехаць на прыроду!

_____________________________________________________________________________

 

18-20.08.2013

17.30 Горад Кашкайш. 10 км на захад ад Лісабону.

Ён аказаўся звычайным турыстычным гарадком з прыгожымі пляжамі. У пятніцу тут пачаўся музычны фэст. Вырашылі на ім крыху патусіць ды паслухаць партугальскай музыкі, якая апынулася для нас занадта смутнай.

12imageФэст партугальскай музыкі. Горад Кашкайш!

 

Увечары знайшлі прывабнае месца ў скалах для намёта. Расклалі “дом”, замучыныя заваліліся спаць…

А 2-й уночы прачнуліся ад крыку: „Wstawajcie! Woda was zaraz zaleje!” Разбудзілі  нас палякі, перанеслі наш намёт вышэй. Хлопцы таксама спынам прыехалі сюды. Начавалі ўжо 4-ы дзень у гэтых жа скалах, што і мы, таму добра ведалі, што па начах тут адбываецца моцны прыліў.

13imageВось так ужо другі дзень запар мы праводзім сонейка ў ЗША!)

 

Нягледзячы на нашы планы, у скалах правялі мы 2 з паловай дні… Сёння 20-ага, выязджаем на Мыс Рока! На самую заходнюю кропку Еўропы – на край Зямлі! _____________________________________________________________________________

 

23.08.2013 Мыс Рока – самая заходняя кропка Еўропы!

Апошнія некалькі месяцаў мы марылі дасягнуць гэтай мэты, а калі нас стала раздзяляць ад яе некалькі кіламетраў і менш за 20 хвілін язды, мы пачалі перасоўваць нашу сустрэчу на крыху пазней… Так заўседы бывае, калі ведаеш, што засталося зусім крыху да здзяйснення мары, ведаеш, што гэта непазбежна і ад гэтага пачынаеш хвалявацца… Гэта і ёсць самы салодкі момант падарожжа…

І вось мы ў аўтобусе, што вязе нас на самы канец Зямлі, на самую заходнюю кропку Еўропы – на Cabo da Roca! Квіткі, дарэчы, сюды каштуюць даражэй за квіткі на дарогу  ў суседні горад, што знаходзіцца ў два разы далей… Вось што значыць турыстычнае месца! Уваход на Мыс вольны, але за 5 еўра можна набыць сертыфікат, у якім засведчанна, што ты пабываў на краю Зямлі.

Мыс аказаўся запоўнены, нават расійцамі… Паўсюль налепкі і надпісы „Зеніт”. У сярэдзіне скал невялічкая плошча з манументам, на якім адзначаны каардзінаты мясцовасці. Адсюль і адкрываюцца неверагодныя краявіды… Бясконцы акіян, моцныя хвалі, стромыя скалы ды абрывы.

1mys

2mysАд думкі, што далей толькі газіліон літраў вады ды ЗША, дух захапляе!!! Ад вышыні і бясконцасці галава кружыцца… Ад радасці, што мара здейснена, унутры ўсё пераварочваецца!

 

3mys

4mysТут заўсёды дзьме моцны вецер, бясчынна зрываючы з галоваў капелюшы. Тут з неверагоднай сілай разбіваюцца хвалі аб скалы, ствараючы прыемны шум…  А ўвогуле, эмоцыі і краявіды, што адчуваюцца і адкрываюцца стоячы на самым краю Зямлі, не тое што словамі цяжка апісаць, але і здымкамі даканца не перадаць…

 

5mysПачакаўшы прыезду турыстычнага аутобуса ды наплыву турыстаў, мы падрыхтаваліся да невялікай акцыі. Распавялі людзям пра нашу краіну і палітычную сітуацыю, прапанавалі падтрымаць нашых палітвязняў – даслаць паштоўкі, якія прывезлі мы з Беларусі. Раздалі інфармацыйныя буклеты. Вельмі цікава было назіраць за рэакцыяй людзей, якія нават і не ведалі, што такая краіна існуе. Было відаць, што яны саромеліся, але ўсё роўна цікавіліся. Акцыя працягвалася не больш за паўгадзіны, з людзьмі размаўлі па-ангельску, а ў натоўпе знайшлі і беларусаў, нас падтрымаць яны не пагадзіліся, і фатаграфавацца таксама. Але з радасцю сфатаграфавалі нас.

 

6mysНадпісі на плакатах „Лукашенко в *опу, Беларусь в Европу” справа, „we want to travel without visa” злева.

 

7mys

8mysРаздаём усё, што маем пра Беларусь.

 

9mys

10mys

11mysНа канцы Зямлі мы правялі 2 дні, вельмі не хацелася пакідаць гэтае месца… Увечары правялі сонейка ў ЗША;) Краявід незабыўны. За пяць хвілін яно проста тоне ў вадзе, а разам з тым становіцца неверагодна холадна, ветрана і вільготна.

 

12mys

14mys

15mys

16mysУ вадзе тоне сонейка, а ў гарах узыходзіць месяц.

 

Адзначыўшы на скалах фірмовым партугальскім віном дасягненне мэты, ад холаду за тры хвіліны разбілі на газоне намёт! Як заўсёды, чакалі “падставы” ад ветра, хваляваліся, што ён нас знясе, але а 1-й ночы “падстава” зноўку прыйшла ад стыхіі – вада. На гэты раз нас атакавалі аўтаматычныя палівачкі газона! Такой колькасці вады намёт не вытрымаў і нас пачало заліваць. На шчасце, яны працавалі нядоўга, з перапынкамі на 2 гадзіны. Таму паспаць нам усё ж такі ўдалося.

Прачнуўшыся раніцай, мы пайшлі шукаць палівачкі, і як гэта б дзіўна не здавалася, мы іх не знайшлі… Падумалі, што гэта хтосьці ўночы назло нас паліваў 🙂

* * *

Пакінулі канец Зямлі мы пешшу. Вырашылі патрошку крочыць у бок Порту.

Перыядычна нас падвозілі на невялікія адлегласці турысты з Італіі, Францыі ды Бразіліі. Пазней злавілі хлопца, што вярнуў нас у Лісабон. Здарылася гэта з-за цяжкасцяў тлумачэння. Ён нас так і не зразумеў.

За чатыры дні жыцця ў „дзікіх умовах” нашы дывайсы трэба было падзарадзіць, таму паехалі ў аэрапорт, адтуль і выйшлі на аўтаспын. Нават не ведаючы, якая нам патрэбна траса, дасталі таблічку… Мы не ведаем, як гэта атрымалася і што гэта быў за цуд, але ўжо за хвіліну спынілася дзяўчына Марыя з Партугаліі і завезла нас у Порту.

300 км на поўнач ад Лісабону. Горад Порту! З +30 градусаў у +24 – холадна!