Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Грузія



padaroazRacyjaj

27.06.2013

Не ведаю, як Вы па мне, але я па Вам вельмі засумаваў!!! Халера, вельмі спадзяваўся на тое, што на пароме будзе інтэрнэт і шмат часу на тое, каб дапісаць усе аповеды, і завяршыць справы з турамі “Дзецюкоў”, “Берлінскай Дрогі” ды “Чорнай Крушвы”… Але атрымалася з гэтага толькі частка. Таму зараз паспрабую распавесці ўсё, што са мной адбывалася. У Тбілісі я ў прынцыпе шмат адпачываў і лячыў нагу. Паколькі распавядаць доўга, таму дасылаю толькі фотаздымкі і прывітанні Бэаце ды Ані, якія прымалі мяне ў гэтым прыгожым горадзе…;)

[Not a valid template]

_____________________________________________________________________________

28.06.2013 Чорная пятніца…

Усё пачыналася звычайна, нават лепш. Я прачнуўся дастаткова рана, пачысціў зубы, даеў, што засталося з вячэры ды наўючыў ровар. А 6 раніцы ўжо быў гатовы выправіцца ў дарогу. Думаю, праеду сёння больш, можа і атрымаецца ўвечары ў моры пакупацца (план максімум), ці хаця б пераехаць горад Кутаісі (план мінімум). Ды яшчэ можна будзе зрабіць гадзінны прывал у час самай вялікай спёкі.

Адзінае, што турбуе, гэта сапсаваны здымач – ён увесь час паведамляе: “Выключы здымач, ды ўключы зноў”. Я выклучаю, ўклучаю, але нічога не атрымоўваецца. Ужо спрабаваў і батарэйкі, карту памяці даставаць, пакідаць выключаным на некалькі гадзінаў, а ён усё адно сваю песню спявае: “Выключы здымач, ды ўключы зноў…” Ну што рабіць? Няма ўжо ні грошай, ні цярпення набываць яшчэ адзін, трэба неяк больш вобразна ўсё Вам апісваць…

Выехаў я з ускраінаў Горы. Усё пачыналася файна, заехаў у краму за пячэннем, хлебам ды кавай (якую я папрасіў, каб мне  заварылі там жа…) З’еў пячэнне з кавай, таксама зразумела чачай пачаставалі – еду далей… Дарога робіцца горшай, ды асфальт скончваецца, але гэта не дзіўна ў гэтых краях. Таму цягнуся, ды мару даехаць да бліжайшага горада, каб перабрацца на трасу… Толькі праз км 10-15 я звярнуў увагу на гару, якая была з правага боку. Яе ж не павінна тут быць паводле мапы. Знайсці чалавека, каб нешта даведацца, тут няпроста, нарэшце знайшоў нейкіх манахаў (дарэчы апошнія 5 км ва ўсіх машынах, якія я сустракаю – манахі). Аказваецца я сапраўды паблытаў дарогу, і кіруюся ў горны тупік. Трэба вяртацца ў горад і шукаць правільную дарогу. Tак я і згубіў гадзінкі 3 (дрэнная дарога нават на спусках не дазваляла разганяцца). Усе сілы, якія я назапасіў за дні праведзеныя ў Тіблісі, таксама згубіў… Але нічога, еду далей. Даязджаю да трасы і разумею, што час не дазваляе перачакаць спёку, треба ехаць далей сярод фураў, ды процьмы лёгкавікоў, якія нясуцца з каўказкім тэмперамэнтам. Увесь час патрэбная поўная ўвага да таго, што адбываецца навокал, каб не патрапіць пад колы. Вельмі горача, смурод спалінаў, а каля дарогі вялікі базар – няма свабонага месца, дзе б не прадавалі хлеб, гарбузы, садавіну, гародніну, рыбу, ракаў. Як на турэцкім моры ўсе глядзяць на цябе, як на вялікі гаманец. Дарэчы з-за гарачыні ды агульнай стомы неяк дазволіў падмануць сябе ў адной прадуктовай краме – гэтая грузінская гасціннасць неяк аслабіла ўвагу.

Праз кіламетраў 20 бачу ўказальнік – Карагаўлі 49 км. Блін, дык гэта км 50 ад Кутаісі, дадам 5 км, але прынамсі гэтых фураў не будзе! Праз км 10 я зразумеў сваю памылку, дарога вельмі прыгожая, але асфальт скончыўся, сілы таксама амаль вычараныя, а тут крутыя пад’езды ды спускі, на адным з іх рвецца адна торба (Віка прабач, трэба будзе з Табой разлічыцца за яе) выпадаюць некаторыя рэчы. Я перакладаю ўсё цяжкае ў другую, з-за гэтага перагрузка на левы бок, ды тры разы на спусках, калі трэба рэзка затармазіць, мяне перавальвае на левы бок. Нага, якая ўжо зажывала, тры разы з вялікай сілай ударае аб камні, якіх процьма на дарозе. Зноў пачынаецца сільны крываток, ды яшче рвуцца апошнія боты. Трэба перавязваць і нагу і сандалі, даэчы чыстых бінтоў ужо няма, няма і чым прамыць раны (акрамя нагі я пацарапаны ўвесь) ёсць “залатое руна”, але ж яго няшмат, ды і шкада.

Сапраўды хочацца сесці ды плакаць над сваёй бядой, але ж нельга, бо сонца паціху сядае. Трэба знайсці яшчэ якую краму, каб  павячэраць, і ўвогуле выбрацца з гэтай горнай пустэчы.

rovar-tankФоцік сапсаваўся, але я не здаюся… Таму мой ровар – танк

У прыцемку у мяне атрымоўваецца дабрацца да асфальта, знайсці краму. Да Кутаісі застаецца 50 км, да Батумі 200, а паром паслязаўтра… Яшчэ так хочацца наведаць Дадо ў Батумі (той, які мяне выратаваў на перавале). Час ад часу тэлефануем адзін аднаму, ён абяцае сустрэць мяне ў сталіцы Аджарыі.

Песня на сёння: Зыгімонт Ваза – я не хачу ў люкарню!

p.s. Кліп можна не глядзець! але песня афігенная – толькі ўключайце гук!

_____________________________________________________________________________

29.06.2013 Апошнія кіламетры ў Грузіі…

Ведаў, што кіламетраў яшчэ процьма, а часу мала. Спрабаваў падняцца раней, але ніяк не атрымліваецца. Зноў выязджаю толькі ў 8 гадзінаў. Зноў траса, зноў сонца, але неяк субота больш аптымістычная, яшчэ дужа парадавала размова з Радыё Рацыя.

Пазней сустрэў чарговага раварыста з Францыі, тая размова таксама падымае настрой . Ён вельмі здзіўлены, калі я сказаў, што Паўночная Асеція не прызнае грузінскай улады ды дарога, якую ён запланаваў, закрытая…

Далей быццам нічога асаблівага не адбываецца:  дарога, фуры, кіроўцы трубяць – яны пераганяюць адзін аднаго, не звяртаючы ўвагі на грузавікі,  дык што я буду казаць пра ровар…

Праз 50 км ад Кутаісі скрыжаванне: адна дарога на Батумі, другая на Поці ды Сухумі (да Сухумі – сталіцы Абхазіі – не так лёгка патрапіць, тым больш што ва Усходняй Еўропе шмат межаў, якія не паказаныя на афіцыйных мапах; таму часта, як тут нават, дарожныя знакі – частка палітычнай гулні). Я паварочваю на Батумі. Машынаў стала менш, пры дарозе паеў сліваў і карыстаюся кожнай крыніцай, каб напіцца ды папоўніць запас вады. На вуліцы градусаў 35…

Да Батумі застаецца км 70, да мора – 20… Я тэлефаную ў порт, каб даведацца, у колькі заўтра параход:

– Падыходзьце ў 11 у офіс – запоўнім дакументы.

Значыць, калі не будзе аварыі, паспяваю. Эх, Дадо нешта не падымае…

І тут, у вёсцы Япана, сустракае мяне Рамаз:

– Прывітанне, адкуль едзеш? Колькі кіламетраў? Зайдзі да мяне, вып’ем адзін стакан чачы!

– Ну, добра, але адзін: мне яшчэ ехаць сёння.

– Дык зразумела адзін, я шмат не п’ю…

Я, здаецца, ужо пісаў, што мне больш прыемна, калі мяне ў Грузіі запрашаюць на віно або чачу, чым на піва. А гэта таму, што піва яны заўсёды п’юць адно. А да чачы ды віна АБАВЯЗКОВА накрыць стол…

Дык праз 10 хвілін ем яешню, стараюся ўзяць паменш, а то бачна, што ў хаце не пераліваецца, але гаспадар настойвае (адмовіцца ад запрашэння ў Грузіі – гэта вялікая крыўда для гаспадароў). Рамаз (з сямёй, канешне) жыве толькі са свайго агарода. Раней прадаваў свой мёд на рынку ў турэцкім Трабзоне, але паўгода таму атрымаў дэпорт ды жыць стала яшчэ цяжэй… Прадае чачу для мяцовага рэстарана. Дарэчы, чача вельмі смачная – тут мікс рознай садавіны. Развітваемся, зразумела, не па адным, а, здаецца, пасля пяці тостаў, мяняемся тэлефоннымі нумарамі (ён часта тэлефануе,  абяцаю яму патэліць з Польшчы).

У наступнай вёсцы мая развага зноў задрамала – забыў пра правіла, якое прыдбаў яшчэ  ў Турцыі: “Не прымаць запрашэнняў ад уладальнікаў кабакоў!”. Запрашэнне выглядае як кожнае іншае, але пазней за гэтую гасціннасць трэба плаціць. Праўда, хацеў бы я такія кошты ў Менску ці Варшаве: 2 ларі за каву ды чачу…

Ну, так, чарговая чача –  трэба мацней трымаць кіраўніцу, а тут ужо наступная вёска… Тут перакідваемся словам з хлопцам гадоў 24-25, ён збіраецца праз дзве гадзіны ў Турцыю за працай…

– Так давай зойдзем выпем віна… – Ой! Не, мяне ўжо напаілі! – Хадзі, адзін бакал ды паедзеш! – Ну, хай!

Заходзім у хату. Тут застолле: аказваецца, шэсць братоў з’ехаліся на 10-ую гадавіну смерці свайго бацькі. Накладваюць мне на талерку розных смачных страваў, наліваюць цудоўнага віна. Адзін з іх гадоў 45-50 (бачна, малодшы) вельмі слязліва тлумачыць, чаму яны тут сабраліся, амаль плача, калі я падымаю тост за памерлых, –  усё неяк тэатрална (я разумею, бацька памёр, але ж праз 10 гадоў такія эмоцыі?)…

– А вы дзе жывяце? – Я жыву ў Кабулеці, на моры па дарозе ў Батумі. Ты дакладна будзеш праязджаць. – Так, буду, але не ведаю, ці паспею да ночы, там яшчэ гадзінкі 2 ехаць. А вы чым займаецеся ў горадзе? –  Я навуковы спецыяліст. – Па якой спецыяльнасці? – Хімія.

Тост, зразумела, не адзін (зноў 4 або 5), але ж заўважаю, што п’ю іх толькі я – усе незаўважна выйшлі на вуліцу, застаецца толькі той малодшы ды зяць іншага брата, які падтрымлівае размову, падлівае мне ўвесь час ды падказвае тосты… Паеў я трошкі ды заўважаю, што астатнія браты сталі сварыцца на вуліцы (гэта брацкая бойка, як кажа малодшы, усё ў межах брацкай любові)…

Брацкая любоў брацкай любоўю, але бачу, што яны на самой справе пачынаюць пераштурхоўвацца. Яшчэ бачу, што буру атрымлівае і хлопец, які мяне сюды прывёў. Я разумею, што маю нейкае незразумелае дачыненне да гэтай сваркі. Трэба рвануць адсюль, а то і я атрымаю…

Дапіваю апошні тост ды кажу: “Еду!’” Бачу, зяць таксама недзе знік… Хімік адводзіць мяне да брамы, дзе я пакінуў ровар; астатнія не звяртаюць на гэта ўвагі, працягваюць бойку… Брат іх апраўдвае, кажа: “Не думай пра іх дрэнна – усё па-брацку…

– Я таксама зараз збіраюся на цягнік, мо сустрэнемся ў Кабілеці? – Ну, не ведаю, ці даеду… – Пад’язджай на чыгуначны вакзал, там побач я буду стаяць, запомні маю сумку…

Цікава, чаму не дасць нумар телэфона, а такія дзіўныя паролі?!  Тут усё высвятляецца:

– Прыязджай абавязкова! Я буду смактаць твой…, я споўню ўсе твае пажаданні! Я буду чакаць да познай ночы!

“Оёёй, чакай і год, усё роўна не дачакаешся!” – думаю я. Значыць у Кабулеці мне дакладна сёння не трэба, а ўжо тым больш на чыгуначны вакзал…

1promРазвітанне з грузінскімі дарогамі

Дарэчы, у гэтых краях шмат хто думае, што калі табе за 30 гадоў ды няма яшчэ ні жонкі, ні дзяцей, а яшчэ ты невядома навошта круціш кіламетры на ровары – значыць ты дакладна гей. Эх, каб яны ведалі, якая ў мяне прыгожая дзяўчына…;)

Песня на сёння – Neuro Dubel – „Підарасы”

_____________________________________________________________________________

30.06.2013 На параход!

Мага хутчэй сядаю на ровар ды ад’язджаю з той вёскі, дзе піў віно на памінкі! Еду трошкі разгублены, што тут думаць пра гэта…

Дзякуючы віну ды чачы – моцна трымаюся кіраўніцы – нeяк жыццё стала прасцей: не перашкаджаюць ужо ні ўсе гэтыя машыны, ні тое, што ўвесь час на пад’ёме, ды і час не так непакоіць –  да Батумі застаецца км 60, дык калі што,  то раніцай даеду…

У наступнай вёсцы…. Не, нічога ўжо не піў…;) Але ж каля дарогі жанчына нейкую вадкасць прадае каля дарогі. Я пытаю:

– Гэта ў вас не віно? – я б узяў у дарогу, перада мною доўгія дні на параходзе… – Не, гэта бензін, але калі хочаш віно, ідзі вунь да той хаты, тамака табе прададуць!

А не, думаю, кіну гэтую спаву, не хочацца хадзіць зараз па хатах, асабліва ў цяперашнім стане, ды даехаць хоць бы да мора трэба…

Развітваюся з жанчынай ды сядаю на ровар, тут яна крычыць за мною:

– Стой! Тут цябе клічуць!

Ды на самой справе мужык, які гоніць кароў з паствы, крычыць мне наўздагон, каб я пачакаў яго… Ну, што ж, чакаю.

– Ты віно хочаш з сабою ці напіцца?

Блін, адкуль ён ведае, што я хачу менавіта віно? Ён жа быў метраў 200 ад месца, дзе я размаўляў з той жанчынай…:

– Да не, піць ужо не буду! Я ўжо ледзь у сядле сяджу… – Ну, дык хадзі, я дам табе бутылку на дарогу!

Ідзем у яго двор, ён дастае 2-літровую бутылку:

– На, трымай! – Дзякуй! Колькі за гэта? – Ды ніколькі! Пі ды распавядай, што табе тут падаравалі віно!

Неяк няёмка, але дзякуй. Забіраю віно, кладу ў сакву ды далей у дарогу. Сонца ўжо амаль заходзіць, калі заязджаю ў краму за хлебам, да якога “за размову” атрымліваю яшчэ пакет, поўны садавіны…

Да мора даехаў ужо на прыцемку, лёг у нейкай лодцы на беразе, будзільнік на 4. Падымаюся толькі ў 6, вельмі доўга думаю, як тут пакупацца са сваёй нагой ды не хадзіць з адкрытай ранай па чорным пяску… Нарэшце, заматваю нагу ў пакет, забіраюся ў мора (усё ж такі не кожны дзень у такіх месцах)… Пакупаўся ды ў дарогу!

Перад Батумі яшчэ два крутыя пад’ёмы, але паспяваю!  Усё аформіў, набыў трошкі пячэнак у дарогу, з’еў суп відэльцам ды ў 14 заходжу на параход – Украіна чакае! Адзінага шкада –  не паспеў сустрэцца з Дадо, толькі патэліў яму. Ён таксама шкадуе і кажа:

– Вельмі чакаў. Калі будзеш наступным разам – абавязкова тэлефануй! Ды калі дабярэшся да Берасця, таксама паведамі!

2promНа параход!

На параходзе адразу пазнаёміўся з Ёнам ды Стэфаніяй – раварыстамі з Францыі (ад якіх я атрымаў некалькі фотак) ды нямецка-амерыканскай групай вандроўных музыкаў, якія выправіліся ў падарожжа вакол Чорнага мора ў пошуках натхненняў для сваёй творчасці…

 

3promБатумі застаецца, а мы– у Адэсу

4promАмерыканскія мужыкі ды іх сябар па каюце – іранскі байкер Фэры, які калісьці купіў два матацыклы ад Біла Клінтана

Так гэтыя марскія суткі працякаюць паміж хваляваннем хваляў, размовамі пра ровары ды канцэртамі са скрыпкай ды гітарай…

5promПазней далучыўся я да кампаніі спадара з Батумі, які сыграў некалькі песняў на зробленай ім гітары

Час ад часу нейкі армянін пачастуе півам у бары – гэта тое ж самае піва, якое ў Грузіі каштуе 1.20 ларі, а на караблі прадаюць за 3 $ ды нават у куфлі не пераліваюць…

Вельмі спадзяваўся, што на параходзе будзе інтэрнэт ды я змагу даслаць усе недапісаныя расповеды ды вырашыць усе нявырашаныя пытанні з ліпеньскімі канцэртамі “Дзецюкоў”, “Берлінскай Дрогі” ды “Чорнай Крушвы”,  але ж зноў асечка…;(

Ну, што ж, застаецца спаць, есці ды лячыць нагу…, а ў Кіеў за візай трэба будзе спяшыць, на жаль, на цягніку, а то не паспею да 10-га – яшчэ ж гэтую візу трэба зрабіць

Так, на жаль, Пятро патрабуе візу ў Беларусь…

Даплылі мы да Адэсы ды з амерыканскімі музыкамі за півам чакалі начнога цягніка Адэса-Кіеў…

Так, песня – Браты Гадзюкіны – „Звёздачка моя” – даўні канцэрт у Адэсе

P.S: Светлая памяць Кудзі – стваральніку ды лідару групы!