Падарожжа з Рацыяй – Дзённік Графамана. Пачатак



padaroazRacyjaj

Вітаю!

 

dudanovichМяне завуць Пётр „Пятро” Дудановіч. Нарадзіўся ў Сувалках, вырас (літаральна) у вёсцы Шыплішкі, якая на Сувальшчыне, кіламетраў 7 ад літоўскай мяжы, 20 – ад Калініградскай вобласці ды кіламетраў 50 ад беларускай.

Выехаў я ў Варшаву, дзе шмат гадоў вучыўся – ці можа лепш сказаць не вучыўся – на Беларусістыцы Варшаўскага ўнівера. Ды неяк асеў у гэтым горадзе, тут падпрацоўваю – а то ў гардэробе курткі падаю (улетку там не шмат працы), а то суарганізую фестываль беларускага кіно, а то нейкую перадачку як роварны кур’ер перавожу. Карацей, як галоўны герой культавай беларускай стужкі „Случай с пацаном” – „…Магу менеджарам быць ці ў кіёску сядзець…”

Лёс склаўся так, што пачаў таксама арганізаваць розныя канцэрты, але і працай гэтага не назавеш, ды і да прафесіяналізму мне не спешна – піва, дарога ды рок-н-рол – гэта тое, што мяне цікавіць.

Дарога – гэта маё жыццё, побач з беларускай мовай у венах плыве… 😉

Але не падабаецца мне па ўсіх вядомых маршрутах, таму і абраў такі дзіўны шлях. Як кажа мой сябра: „Упоперак форэвэр!!!”

Чаму еду – як і казаў, таму што гэтыя хлопцы з Берасцейскага велаклуба, запатрабавалі ў мяне напояў са старадаўняга горада Горыс, ды яшчэ, каб на ровары гэта прывёз…

Ды і Арменія гэтая мне не чужая, 9 месяцаў у якасці валанцёра гуляўся з дзеткамі-інвалідамі ў Гюмры (я гэты горад называю Сталіца Дэпрэсіі ;)…

z_nieplnosprawnymi_dzecki_w_armenii

 

…дык і зрадаваўся з гэтай задачы, цікава будзе паглядзець, як яны там жывуць, ці памятаюць хоць…

 

w_armenii

У падарожжы досведу нямнога-нямала: перад кожнай наступнай вандроўкай здаецца, што я той самы навічок, што перад першай, ды і гэта файна. Праўда, я з тэхнікай на Вы, але, думаю, з маім сродкам перамяшчэння мы наладзім супольную мову…

 

rowerem_do_rumuni_i_z_powrotem

Ды і пісаў я даўно рэчы, даўжэйшыя за смс, таму і вырашыў назваць гэты блог „Дзённікам Графамана”.

Што ж мне яшчэ сказаць, песня на сёння – Сцяна (Берасце) – „Я еду”.