З Рацыяй – на край Зямлі!



Мы – Дыяна і Аксана!

dyjana_i_aksana1Нарадзіліся ў Беларусі, там выраслі і выхаваліся, а сустрэліся мы два гады таму ў Варшаве, на падрыхтоўчым курсе польскай мовы, з таго часу і пачалі сябраваць!

Дыяна, напрыклад, чалавек творчы, вольны ад людскіх „загонаў” ды сацыяльных клопатаў. Вучыцца ў Беластоку, на менеджара-эканаміста, а ў душы малюе каляровыя абразы. Галоўная дзейнасць – пастаяннае мысленне, дадатковая – барацьба за праўду ды справядлівасць!

Я ж асоба не творчая, але нарэшце скончыла „Дызайн” у горадзе Кельцы. З’яўляюся сябрам рады Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. У Беларусі займалася арганізацыяй культурных мерапрыемстваў: канцэртаў, конкурсаў ды вечарын. Зараз займаюся пошукам сябе, цікавых думак ды людзей.

Аб’ядноўвае нас салодкі водар СВАБОДЫ, схільнасць да авантурызму, гадавыя візы, неабмежаваная еўрапейская прастора ды недахоп адрэналіну. Таму, па сутнасці, мы і пачалі падарожнічаць аўтаспынам.

 

dyjana_i_aksana3Зараз жа праехаць 4,5 тыс. км збіраемся ў падтрымку ідэі супраць візавага рэжыму. А на самым краі Зямлі хочам зрабіць акцыю супраць віз для Беларусі. Таму што мы не згодны жыць за дротам і хочам вольна падарожнічаць па ўсёй Зямлі! Згодна з нашым правам на свабоду перамяшчацца і выбіраць сабе месцажыхарства, пазначаным у артыкуле нумар 13 „Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека”.

Чаму Партугалія, чаму край Зямлі?

Таму што адтуль мы хочам памахаць рукой майму брату, які год назад выехаў у ЗША, і такім чынам развітацца з ім, бо, на жаль, я не магу атрымаць туды візу, і адзіны шанец наблізіцца да яго – гэта пабываць на другім беразе Атлантычнага акіяна, у Партугаліі.

Чаму аўтаспын?

Ад страху, што праз два месяцы скончыцца віза, а я так і не пабачу Альпы, не ўдыхну водару італьянскай грацыёзнасці ды іспанскай эмацыйнасці… словам, “галопам па Еўропах” у абмежаваных постстудэнцкіх фінансавых варунках. Ды ў час падарожжа аўтаспынам можна спаткаць вельмі цікавых людзей, пачуць шмат цікавых гісторый ды набрацца досведу.

Галоўная МІСІЯ падарожжа – схаваць нашу Сапраўдную Беларускую Гісторыю на незалежнай тэрыторыі да лепшых, як кажуць, часоў. Ды распрацаваць гульню „Квэст” на міжнароднай прасторы.

Чаму схаваць?

Рэч у тым, што, пачаўшы свядома знаёміцца з гісторыяй Беларусі, я заўважыла, што ў школе вывучала „выгодную” для нашых ўладаў гісторыю, а не сапраўдную. Таму наша мэта – уратаваць нашых сапраўдных герояў і гістарычна вартыя падзеі (у тым ліку і сучаснае) ад хлусні нашых ўладаў.

Таму, звярнуўшыся за дапамогай да гісторыкаў, мы спрабуем распрацаваць „часопіс” цікавых звестак пра нашу Радзіму. Каб у час падарожжа ў самых прыгожых і прыемных для нас месцах пакінуць частку беларускай гісторыі . Па гэтых месцах мы будзем распрацоўваць мапы і пакідаць падказкі, а пасля распрацуем гульню „Квэст” з надзеяй, што калі-небудзь знойдуцца беларусы, якім будзе цікава сабраць гэты „часопіс” і праехацца па нашым маршруце.

Спадзяемся, што вам будзе цікава далучыцца да нашага падарожжа і пачытаць розныя цікавосткі пра людзей і краіны, у якіх нам давядзецца пабываць.

dyjana_i_aksana2Аксана Іванюк (злева) і Дыяна Коўшык (справа)

Маршрут: Варшава – Прага – Аўстрыя (транзіт) – Італія – Каны – Барселона – Мадрыд – Лісабон – Порту – Гамбург – Шчэцін – Кракаў – Берасце

mapa_____________________________________________________________________________

 

31.07.2013 Дыяна і Аксана адправіліся ў падарожжа на край Зямлі.

Наперадзе – сем краінаў, шэсць тысячаў кіламетраў, месяц у дарозе, шмат эмоцый, уражанняў ды сустрэчаў. З намётам, двума заплечнікамі ды вялікай колькасцю энергіі дзяўчыны рушылі з Варшавы.

Пра свае планы ды спадзяванні распавядаюць Аксана і Дыяна:

– Мы едзем у падарожжа на „край Зямлі”. Едзем у Партугалію аўтаспынам. Гэта была Дыяніна мара. Я падтрымала гэтую ідэю. Будзе спякотна. Мы ведаем, што зараз там амаль што 40 градусаў. І ведаем, што ў Іспаніі і Партугаліі дрэнны аўтаспын. Спадзяемся, што мы сустрэнем толькі добрых людзей, якія нас чаго-небудзь навучаць. Мы ім перадамо сваю гісторыю, а яны нам нейкі свой досвед. 

aut1

aut2

aut4

aut3Вікторыя Сцяпановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава