МН17: у следства ёсць сведка запуску ракеты



Кіраўнік міжнароднай Сумеснай следчай групы (JIT) Фрэд Вестэрбеке паведаміў пра наяўнасць сведкі запуску ракеты па самалёце рэйса MH17 над Данбасам летам 2014 года. Пра гэта ён заявіў у эфіры канала CBS. Суд па справе пра збіты ў 2014 годзе над Данбасам самалёт пачнецца ў Нідэрландах 9 сакавіка.

Вестэрбеке ўпэўнены ў тым, што ракету запускалі з дапамогай расейскай сістэмы «Бук». Расея ж, як вядома, гэта адмаўляе.

На пытанне аб тым, ці ёсць у JIT сведка па запуску ракеты, кіраўнік групы адказаў: «Я б сказаў, што ў мяне ёсць сведка. Я не сказаў, колькі іх».

Вестэрбеке таксама адзначыў, што Расея наогул не дапамагала ў расследаванні на працягу апошніх пяці гадоў.

«Таму што яны павінны былі даць нам усю інфармацыю і ўсе доказы, якія нам патрэбныя ў гэтым складаным расследаванні. Яны павінны былі сказаць нам на другі дзень пасля таго, як гэта адбылося. Яны павінны былі сказаць нам: »мы зрабілі памылку« ці »мы зрабілі тое, чаго не павінна было здарыцца«. Яны павінны былі выйсці наперад. Гэта тое, што яны павінны былі зрабіць, але яны ніколі не рабілі гэтага», – сказаў следчы.

Нагадаем, 3 лютага пракуратура Нідэрландаў прад’явіла афіцыйныя абвінавачванні чатыром фігурантам справы аб крушэнні МН17 на Данбасе ў ліпені 2014 года.

У чэрвені 2019 года пракуратура Нідэрландаў назвала падазраваных у датычнасці да катастрофы рэйса MH17. Гэта трое грамадзян Расеі – Ігар Гіркін (Стралкоў), Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў. Таксама сярод падазраваных адзін грамадзянін Украіны – Леанід Харчанка.

Як вядома, судовыя слуханні ў Нідэрландах прызначаныя на 9 сакавіка.

novychas.by