11 амерыканскіх дзяржаў заклікалі вайскоўцаў Венесуэлы падтрымаць Гуайда



„Група Лімы” – арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, якія выступаюць за мірны пераход улады ў Венесуэле, – заклікала вайскоўцаў гэтай краіны падтрымаць часовага прэзідэнта Хуана Гуайда. Пра гэта гаворыцца ў выніковай заяве паседжання групы, якое прайшло ў Атаве.

Дакумент апублікавала міністэрства замежных спраў Канады.

„Дзяржавы… заклікаюць узброеныя сілы Венесуэлы прадэманстраваць лаяльнасць часоваму прэзідэнту ў выкананні ім канстытуцыйных функцый як галоўнакамандуючага. Таксама яны настойліва заклікаюць узброеныя сілы не замінаць увозу і транзіту гуманітарнай дапамогі для патрэбаў венесуэльцаў”, – сказана ў заяве. „Група Лімы” падкрэслівае недапушчальнасць рэпрэсій у дачыненні ўдзельнікаў антыўрадавых  пратэстаў.

Падпісанты таксама звярнуліся да міжнароднай супольнасці з рэкамендацыяй пазбавіць прэзідэнта Нікаласа Мадуру доступу да міжнародных актываў Венесуэлы і не дазволіць яму „праводзіць здзелкі з нафтай, золатам і іншымі актывамі”.

„Група Лімы” задаволіла просьбу Гуайда далучыцца да працы гэтага міжнароднага аб’яднання як часовага кіраўніка Венесуэлы”.

Заява зроблена ад імя Канады, Аргенціны, Бразіліі, Чылі, Калумбіі, Коста-Рыкі, Гватэмалы, Гандураса, Панамы, Парагвая і Перу. З краін, што ўваходзяць у „Групу Лімы”, да заявы не далучыліся Мексіка, Гаяна і Сент-Люсія.

Палітычны і эканамічны крызіс у Венесуэле працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя