17 гадоў таму зніклі палітык Ганчар і бізнесмен Красоўскі



Сямнаццаць гадоў таму ў Менску пры нявысветленых акалічнасцях зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасні 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, размешчаную ў Менску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў „Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага пачала пракуратура Менска. Паводле дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.

Юрыст РГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Гары Паганяйла неаднаразова заяўляў, што ўлады не зацікаўленыя ў расследаванні гэтай справы. „Не сакрэт, што гэта было не проста знікненне, Ганчар і Красоўскі былі забітыя, — лічыць праваабаронца. — Непрыняццем належных мер да расследавання гэтай справы ўлады дэманструюць сваю датычнасць да іх знікнення”.

За чатыры месяцы да знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, 7 мая 1999 года, у Менску пры нявысветленых акалічнасцях знік яшчэ адзін апазіцыйны палітык, былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка, які ў свой час таксама ўваходзіў у каманду Лукашэнкі. Па факце яго знікнення была пачатая крымінальная справа па артыкуле „наўмыснае забойства”, якая не завершана да гэтага часу.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі, рэальнае расследаванне гэтай справы можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады.

belapan.by