17-га верасня пачалася актыўная фаза вучэнняў «Захад-2017»



17 верасня пачаўся другі этап беларуска-расейскіх стратэгічных вучэнняў „Захад-2017”.

У адпаведнасці з задумай вучэнняў, на другім этапе (17—20 верасня) плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі падчас вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах хутка зменнага становішча, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах вырашэння пастаўленых задач.

На першым этапе вучэнняў (14—16 верасня) Аб’яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў завяршалася падрыхтоўка да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, нарошчвалася групоўка ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, вялася падрыхтоўка да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўваліся пытанні арганізацыі ўсебаковага забеспячэння створаных груповак войскаў.

Як паведаміў на брыфінгу 29 жніўня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Алег Белаконеў, у аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзеныя варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх частак і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці ўчасткаў дзяржмяжы, ахове і абароне ваенных аб’ектаў, блакаванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фармаванняў, а таксама вядзенні абарончага бою ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.

Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях на шасці палігонах і ў двух раёнах у Беларусі і на трох палігонах у Расіі, складае прыблізна 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі задзейнічаныя прыкладна 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., ад Расеі — прыблізна 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку прыблізна 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

Задума вучэнняў „Захад-2017”, як адзначыў Белаконеў, улічвае „сучасныя падыходы да прымянення войскаў на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў”.

Заяўленыя мэты вучэнняў: удасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй; апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Расіі і Беларусі; атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі становішча і кіраванні войскамі падчас іх правядзення.

belapan.com

Фота БелТА