20 гадоў таму не стала аднаго з лідараў апазіцыі Генадзя Карпенкі



6 красавіка споўнілася 20 год, як раптоўна памёр адзін з лідараў апазіцыі, былы віцэ-спікер парламенту, член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі навук  Генадзь Карпенка. Яму было толькі 49 гадоў, і яго заўчасная смерць і зараз выклікае шмат пытанняў.

На Усходнія могілкі ў Менску ў дзень смерці прыходзілі калегі Генадзя Карпенкі, ускладалі кветкі да помніка на ягонай магіле.

Па словах сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Александра Дабравольскага,  Генадзь Карпенка быў вялікім члавекам:

– Ён быў вельмі добры, шчыры і ўмеў знаходзіць агульную мову з людзьмі. Умеў паважаць, памятаць пра тых, хто разам з ім. Акрамя гэтага, зразумела, што ён быў вельмі моцным палітыкам, вучоным-практыкам, кіраваў заводам.

Генадзь Карпенка ўмеў аб’яднаць людзей і заваяваць у іх аўтарытэт без канфліктаў, без пагрозаў і абразаў, – успамінае Аляксандр Дабравольскі. Па яго словах, зараз цяжка сабе ўявіць такі стыль паводзінаў кіраўніка. „І вельмі шкада, што яго зараз з намі няма, таму што з ім усё было б інакш,” – лічыць Аляксандр Дабравольскі.

Па словах кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, смерць Генадзя Карпенкі выклікае шмта пытанняў:

– Можам з вялікай доляй верагоднасці сказаць, што смерць Генадзя Дзмітрыевіча невыпадковая. Мы ж ведаем пра зніклых палітыкаў. Усё гэта можна змясціць у год, з перыядычнасцю ў некалькі месяцаў. Можна сказаць пра тое, што на той момант гэта была палітыка ўлады, палітыка дзяржавы, палітыка Лукашэнкі. Нежаданне расследаваць гэтыя смерці таксама гаворыць пра тое, што вінаваты наўрад ці будзе настойваць на правядзенні расследавання.

Таму пытанні застаюцца. І па словах Мікалая Казлова, як толькі сучасны беларускі рэжым зменіцца, то ўсе гэтыя смерці і знікненні беларускіх дэмакратычных палітыкаў і журналістаў будуць расследаваны.

Беларускае Радыё Рацы, Менск

Фота svaboda.org