21 ліпеня – датэрміновыя выбары ў Вярхоўную раду Украіны
Ва Украіне ў нядзелю пройдуць парламенцкія выбары, пераможцам якіх, па дадзеных сацыёлагаў, стане прапрэзідэнцкая партыя „Слуга народа». Яна прэтэндуе на большасць месцаў у Вярхоўнай радзе.
Выбары Вярхоўнай рады праходзяць датэрмінова, паколькі прэзідэнт Украіны 21 траўня падпісаў Указ аб роспуску парламента і прызначэнні пазачарговых выбараў.
Аднак, працэс абнаўлення палітычнай эліты Украіны на гэтым не завершыцца. У асяроддзі Уладзіміра Зяленскага не выключаюць, што да канца года прыйдзецца правесці яшчэ адно агульнанароднае галасаванне – датэрміновыя выбары ў мясцовыя органы ўлады.
У нядзелю каля 30 млн грамадзян Украіны, уключаных у спісы выбаршчыкаў, змогуць прыйсці на ўчасткі (а іх будзе амаль 30 тысяч) і аддаць голас за адну з 22 дапушчаных да выбараў партый.
За правядзеннем датэрміновых парламенцкіх выбараў на Украіне будуць сачыць больш за тысячу замежных назіральнікаў, акрамя расейцаў, ім адмоўлена ў рэгістрацыі.
20 ліпеня – дзень цішыні перад выбарамі, гэта значыць павінна быць спыненая ўся агітацыя і знятыя палітычныя плакаты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Etcetera.media