25 жніўня 1991 году Мікалай Дземянцей па ўласнай ініцыятыве пакінуў сваю пасаду



25 жніўня 1991 году на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі нададзеная сіла канстытуцыйнага закона. Таксама ў гэты дзень была прыпыненая дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі. Акрамя таго, у гэты дзень старшыня Вярхоўнага савета Мікалай Дземянцей па ўласнай ініцыятыве пакінуў сваю пасаду.

Пра гэту асобу згадвае паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў:

– Дземянцей быў у многім абмежаваны чалавек, савецкі. Але тым не менш калі ён працаваў першым сакратаром райкома партыі ва Ушачах, ідучы з работы, мог спыніць любога першакласніка, які ішоў са школы, паздароўкацца, спытаць, колькі ты двоек адхапіў і як там бацька твой. Ён многа чаго ведаў. Ён быў чалавекам ад зямлі, які стараўся ў меру сваёй адукацыі, у меру свайго развіцця і культуры, стараўся быць такім сваім чалавекам людзям гэтым. 

Адстаўка Мікалая Дземянцея застаецца адзіным добраахвотным зыходам з пасады першай службовай асобы краіны ў гісторыі сучаснай Беларусі.      

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя