26 гадоў таму ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум
14 траўня 1995 года прайшоў першы ў гісторыі Рэспублікі Беларусь рэферэндум. У выніку якога краіна змяніла дзяржаўную сімволіку часоў адноўленай незалежнасці — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг — на падпраўленыя савецкія сімвалы. Расейская мова набыла статус дзяржаўнай побач з беларускай.
Былі зроблены змены ў Канстытуцыю, якія надалі права прэзідэнту распускаць парламент.
Таксама на рэферэндуме разгледзелі пытанні эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
Нагадаем, што перад гэтым у ноч на 12 красавіка 1995 г на загад выканаўчай улады ў беларускім парламанце былі жорстка збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазіцыі, якія напярэдадні абвесцілі галадоўку супраць антыканстытуцыйных захадаў прэзідэнта.
Рэферэндум 14 траўня 1995 года па-сутнасці завяршыў антыканстытуцыйны пераварот, які адбыўся ў краіне.
Беларускае Радыё Рацыя
