27-ы дзень расейска-украінскай вайны (абноўлена)



Амерыканскае выданне CNN са спасылкай на неназваныя крыніцы ў ЗША і NATO піша, што неўзабаве Беларусь можа ўступіць у поўнамаштабную вайну супраць Украіны на баку Расеі. Адзначаецца, што канчатковае рашэнне аб удзеле Беларусі ў вайне будзе прымацца Расеяй, і яно яшчэ не прынятае.

Крыніцы CNN у Паўночнаатлантычным альянсе паведамляюць, што сярод галоўных задач, пастаўленых перад беларускай арміяй, будзе пераразанне шляхоў, якімі ва Украіну паступае ваенная дапамога НАТА. Тым часам паводле Пентагону, пакуль няма прызнакаў, што беларускія войскі рыхтуюцца ўвайсці на тэрыторыю Украіны

* * *

Мэр Барыспаля Уладзімір Барысенка заклікаў грамадзянскае насельніцтва з’язджаць, бо побач з горадам ідуць баі. „У нас штодня адбываецца адпраўка людзей у заходнюю частку Украіны… Як паказвае практыка тых гарадоў, дзе ідуць баі, чым менш грамадзянскага насельніцтва, тым лягчэй працаваць ВСУ”, – заявіў Барысенка.

Больш за палову жыхароў ужо пакінула Чарнігаў з-за вайны, заявіў мэр гораду.

Марыупаль ужо некалькі тыдняў знаходзіцца ў аблозе, а на вуліцах каля жылых дамоў раскопваюць магілы для загінулых. Ацалелыя гараджане хаваюцца ў падвалах, кажуць, ежы хопіць максімум на тыдзень.

У Харкаве ў выніку абстрэлаў, з пачатку вайны, знішчана амаль тысяча цывільных будынкаў, у асноўным гэта жылыя дамы.

Паводле генштабу Узброеных сілаў Украіны ў Ахтырскім раёне Сумскай вобласці зафіксаваныя факты непадпарадкавання расейскіх вайскоўцаў. Каля 300 акупантаў адмовіліся выконваць загад пра вядзенне баявых дзеянняў і на 70 адзінках тэхнікі пакінулі раён аперацыі.Таксама па падліках генштабу расейскія вайскоўцы маюць запасы боепрыпасаў і харчоў не больш чым на тры дні. Падобная сітуацыя і з палівам, якое папаўняюць аўтацыстэрнамі.

Ва Ужгарадзе актывісты дэмантавалі мемарыяльную пліту ў гонар 300-годдзя нібыта ўз’яднання Украіны з Расеяй, якая стаяла ў адным з паркаў гораду.