50% беларусаў давяраюць Лукашэнку



Узровень даверу да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі працягвае падвышацца: калі ў снежні яму давяралі амаль 38%, у сакавіку – 46,9%, то ў чэрвені — ўжо амаль 50%.

Такія дадзеныя прыводзіць Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў паводле нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені 2014 года.

Без сумнення на падвышэнне даверу паўплывалі падзеі на Украіне, лічыць палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

– Украінскі крызіс вельмі моцна напужаў беларусаў. Яны баяцца хаосу, баяцца, каб у Беларусі не здарылася нешта падобнае. Таму ідэя стабільнасці, ідэя моцнай рукі цяпер набыла новую падтрымку. Эканамічныя праблемы адыходзяць на другі план. На першы план выходзіць ідэя стабільнасці. І Лукашэнка яе асядлаў і ўвесь час кажа, што не важна, што мы жывём небагата, затое ў нас няма вайны. І гэта працуе.

Паводле апытання, «колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць, што ў цэлым Беларусь развіваецца ў правільным кірунку, падвысілася з 32% у снежні да 40,2% у сакавіку і 42,3% у чэрвені».

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя