Беларусь як пляцоўка для перамоваў Расеі і Украіны (абноўлена)



Міхаіл Зурабаў возьме ўдзел у паседжанні трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Пра гэта “Інтэрфаксу” паведаміў дарадца пасольства РФ у Менску Уладзімір Марчукоў. Украінцы ўскладаюць вялікія надзеі на менскую сустрэчу, кажа журналіст з Кіева Паўло Зубюк.

Зараз галоўная мэта ўкраінскіх уладаў і тое, чаго чакаюць грамадзяне, – што ўсё ж такі атрымаецца зрабіць так, што тэрарысты проста сыдуць, даць ім пэўныя гарантыі. Вядома, што была такая прапанова Лукашэнкі пра тое, што, магчыма, калі даць ім палітычны прытулак у Беларусі, яны змогуць пакінуць тэрыторыю Украіны, бо зараз у Данецку могуць пачацца сур’ёзныя вулічныя баі, большасць насельніцтва горада застаецца ў сваіх будынках. Даць калідор і магчымасць выехаць з Украіны асноўным баевікам-сепаратыстам. Гэта фактычна шанец выратаваць жыцці тысячаў грамадзянаў.

Плануецца, што ў сустрэчы прымуць удзел другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнік АБСЕ.

29 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, з такой прапановай да кіраўніка Беларусі звярнуўся па тэлефоне прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

* * *

Просьба прэзідэнта Украіны да беларускага дыктатара аб пасярэдніцтве – вялікая памылка. Пра гэта заявіў член арганізацыйнага камітэта «Беларускага руху», былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Тут мы маем вынікі кампаніі па стварэнні ўражання, што Лукашэнка займае нейкую незалежную пазіцыю наконт Украіны і ўкраінска-расейскай вайны. З аднаго боку, ён прымаў Аляксандра Турчынава і ездзіў на інаўгурацыю прэзідэнта Парашэнкі, а беларускае тэлебачанне нейкі час амаль нічога не казала пра ўкраінска-расейскую вайну.

Але лічацца канкрэтныя крокі – гэта галасаванне прадстаўніка Лукашэнкі ў Генеральнай асамблеі ААН пад дыктоўку Віталя Чуркіна, гэта размяшчэнне расейскіх баявых самалётаў на аэрадромах Беларусі, а таксама дыскрымінацыйныя меры наконт ўкраінскіх тавараў – падкрэслівае Вінцук Вячорка.

* * *

Беларусь будзе рабіць усё, каб сітуацыя ва Украіне нармалізавалася, заявіў сёння журналістам у Менску намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў.

Аляксандр Лукашэнка, як нагадаў Рыбакоў, неаднаразова казаў, што Беларусь „ні ў якім разе не імкнецца стаць пасярэднікам ва ўрэгуляванні сітуацыі ў братняй суседняй краіне”. У піяраўскім рэчышчы Менск – найбольш зручная пляцоўка для Расеі, лічыць міжнародны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

– Ехаць кудысьці на Захад – у піяраўскім плане гэта пройгрыш для расейскіх уладаў. Бо цяпер у трэндзе антызаходняя рыторыка, а тут скарыліся перад гэтымі праклятымі заходнімі імперыялістамі. Менск – беларусы, славянскія браты і для расейцаў, і для ўкраінцаў. Таму гэта даволі зручна без страты аблічча – можна сесці за перамовы.

Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай „садзейнічаць правядзенню ў Менску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расеі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ”.

На абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх закладнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і гарантыі допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта Малайзійскіх авіяліній.

* * *

Беларусь можа стаць пляцоўкай для ўрэгулявання ваеннага канфлікту на ўсходзе Украіны, пра гэта напярэдадні ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнку прасіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка. Паводле прапановы, 31 ліпеня ў Менску мае адбыцца сустрэча прадстаўнікоў Расеі, Украіны і АБСЕ, на якой абмяркуюць шляхі завяршэння вайны ў Данбасе. Аляксандр Лукашэнка ўжо нейкі час выконвае ролю нефармальнага пасярэдніка між прэзідэнтамі Расеі і Украіны, адзначыў лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:

Вельмі вялікая небяспека для Украіны існуе ў такім пасярэдніку як Аляксандр Лукашэнка, бо гэта, як атрымліваецца, расейская пляцоўка, дзе будзе цяжка бараніць і ўкраінскія, і беларускія інтарэсы. Я перакананы, што Аляксандр Лукашэнка будзе выкарыстоўваць Крэмль быццам бы як нейтральную фігуру, што ў будучыні можа абцяжарыць беларуска-ўкраінскія дачыненні.

Аляксандр Класкоўскі:

– Беларускае кіраўніцтва лавіравала і ў пэўных момантах падтрымлівала Маскву, а разам з тым дапускала самастойную рыторыку ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, таму Лукашэнку ўдалося захаваць пэўны баланс. Я думаю, што такая пляцоўка ў Менску цалкам імаверная. Іншая рэч, што анансаваныя цяпер перамовы пакуль не на ўзроўні самых высокіх асобаў. Думаю, гэтыя перамовы на самым пачатку будуць мець прамежкавы, тэхнічны характар.

Афіцыйны Менск прапаноўваў свае пасярэдніцкія паслугі па ўрэгуляванні расейска-ўкраінскага канфлікту яшчэ ў сакавіку, калі Расея правяла анексію Крыма. Аднак тады прапанова менскіх перамоваў была адкінутая расейскім і ўкраінскім бакамі.

Зміцер Косцін, Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.delfi.lt, lenta-ua.net

[manual_related_posts]