ААН папярэджвае пра голад «біблейскіх маштабаў»



Пандэмія каронавіруса COVID-19 справакавала «найгоршы гуманітарны крызіс з часоў Другой сусветнай вайны», паведаміў выканаўчы дырэктар Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэвід Бізлі. Паводле яго слоў, без уліку наступстваў пандэміі 135 мільёнаў чалавек могуць у 2020 годзе сутыкнуцца з крытычным роўнем голаду. Да іх дадасца яшчэ 130 млн чалавек з-за каронавіруса.

«Калі мы не будзем рыхтавацца і дзейнічаць зараз, каб забяспечыць доступ, пазбегнуць дэфіцыту фінансавання і збояў у гандлі, мы можам сутыкнуцца з множным голадам біблейскіх маштабаў на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў», – сказаў спадар Бізлі.

Краіны-донары запавольваюць вылучэнне сродкаў, неабходных для стварэння сеткі лагістычных цэнтраў для дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя раёны свету. У бліжэйшы час на гэтыя мэты спатрэбіцца $ 350 млн, гаворыцца ў Дакладзе аб харчовых крызісах, прадстаўленым Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН.

Больш за палову (73 млн) са 135 млн чалавек, якія трапілі ў ахоп дакладу, пражывае ў Афрыцы; 43 млн жыве на Блізкім Усходзе і ў Азіі; 18,5 млн – жыхары Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

kommersant.ru

Фота FAO/IFAD/WFP/Michael Tewelde