Абарона абскардзіць прысуд Віктару Бабарыку ў парадку нагляду



На працягу найбліжэйшых тыдняў абарона Віктара Бабарыкі мае намер падрыхтаваць прававую пазіцыю абгрунтавання неправамернасці вынесенага яму прысуду, паведаміў БелаПАН былы адвакат і былы абаронца экс-старшыні „Белгазпрамбанка” і прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Дзмітрый Лаеўскі.

„Гэтая прававая пазіцыя будзе аформленая нагляднай скаргай кіраўніцтву Вярхоўнага суда, таму што апеляцыйнага абскарджвання Віктар Дзмітрыевіч пазбаўлены, — адзначыў Лаеўскі. — Мы таму і пярэчылі супраць разгляду справы Вярхоўным судом. Калі ў чалавека няма права на апеляцыю, такі суд не можа прызнавацца справядлівым. Віктар Дзмітрыевіч апынуўся ў калоніі на падставе неправамернага прысуду, і ў нас ёсць аргументаваная пазіцыя аб яго невінаватасці”.

Паралельна абарона рыхтуе зварот у Камітэт ААН па правах чалавека. „У мяне ёсць адпаведная даверанасць ад Бабарыкі на выкладанне яго інтарэсаў у камітэце. Для гэтага адвакацкі статус не патрабуецца”, — сказаў Лаеўскі.

Абодва дакументы будуць накіраваныя ў адпаведныя органы адначасова, адзначыў юрыст. „Далей ужо ідзе пытанне волі да прыняцця адпаведнага рашэння. Сёння ў прадстаўнікоў судовай і іншай улады дастаткова інструментаў, каб вызваліць Бабарыку і іншых палітвязняў. Усе ж разумеюць, што як гэты крымінальны пераслед пачынаўся, па волі некага, гэтак жа ён можа і скончыцца”, — заявіў Лаеўскі.

Паводле яго слоў, за той час, які Бабарыка знаходзіцца ў калоніі на каранціне, калегі наведалі яго двойчы. „Пакуль сітуацыя больш-менш роўная”, — сказаў суразмоўца.

Акрамя таго, згодна з словамі Лаеўскага, задача абаронцаў на гэтым этапе — сачыць за тым, каб у калоніі ў дачыненні да Бабарыкі не дапускалася супрацьпраўных дзеянняў, а ў выпадку іх здзяйснення — рэагаваць на іх.

Віктар Бабарыка з 15 ліпеня знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку (Віцебская вобласць). 6 ліпеня Вярхоўны суд прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Экс-банкір прызнаны вінаватым у адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). Бабарыка таксама аштрафаваны на 5 тыс. базавых велічынь (145 тыс. рублёў) і абавязаны выплаціць больш за 46 млн рублёў кампенсацыі нанесенай шкоды. На працягу пяці гадоў яму забаронена займаць пасады кіраўнікоў. Віну Бабарыка не прызнаў у поўным аб’ёме.

Судовы разбор па справе „Белгазпрамбанка” доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. Экс-банкір знаходзіцца пад вартай з 18 чэрвеня 2020 года.