Абмен палоннымі паміж Кіевам і сепаратыстамі завяршыўся



Раней прадстаўнікі ўладаў у Кіеве і прарасейскіх сепаратыстаў дамовіліся, што 74 ўкраінскія вайскоўцы будуць абменены на 306 прыхільнікаў „ДНР” і „ЛНР”.

На кантрольным пункце ўезду – выезду „Маёрск” на лініі размежавання блізу Горлаўкі Данецкай вобласці адбыўся абмен палоннымі, захопленымі бакамі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Дзясяткі чалавек, якія адбылі пакаранне і былі вызваленыя з-пад варты ва Украіне, не пажадалі вяртацца ў „ДНР” і „ЛНР”.

За працэдурай ў сераду, 27 снежня, назіралі прадстаўнікі АБСЕ і Чырвонага Крыжа.

Паводле інфармацыі Службы бяспекі Украіны, да цяперашняга абмену ў палоне сепаратыстаў знаходзіліся 158 украінцаў. Акрамя таго сотні чалавек лічацца зніклымі без вестак – па дадзеных СБУ, 403 чалавекі, валанцёры ж заяўляюць пра амаль 700.

dw.com