АБСЕ асудзіла вобшук у офісе тэлеканала „Белсат”



Прадстаўнік па пытаннях свабоды СМІ Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Арлем Дэзір асудзіў вобшук у менскім офісе спадарожнікавага тэлеканала „Белсат”.

Адпаведную заяву распаўсюдзіла прэс-служба АБСЕ.

Фота www.osce.org

Дэзір заклікаў улады Беларусі „праяўляць стрыманасць у выстаўленні абвінавачанняў у паклёпе СМІ і журналістам”, а таксама прыбраць з Крымінальнага кодэкса дыфамацыйныя артыкулы.

„Мяне трывожыць вобшук у рэдакцыі „Белсата” ў Менску і канфіскацыя тэхнікі і носьбітаў інфармацыі ў журналістаў, — заявіў Дэзір. — Гэта перашкаджае працы незалежных СМІ і выклікае занепакоенасць з нагоды абароны канфідэнцыйных крыніц журналістаў. СМІ апублікаваў абвяржэнне памылковай інфармацыі. Вельмі важна, каб дзяржаўныя службовыя асобы ўстрымліваліся ад выстаўлення крымінальных абвінавачанняў журналістам, і я заклікаю ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за дыфамацыю ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”.

У заяве адзначаецца, што ў снежні 2018 года Савет міністраў АБСЕ прыняў рашэнне аб бяспецы журналістаў, у якім заклікаў дзяржавы — удзельніцы арганізацыі „забяспечыць, каб законы аб дыфамацыі не прадугледжвалі празмернага пакарання або санкцый, якія маглі б падарваць бяспеку журналістаў і падвяргаць іх цэнзуры, перашкаджаць іх місіі”.

Чатырохгадзінны вобшук у менскім офісе тэлеканала „Белсат” прайшоў раніцай 9 красавіка ў рамках справы па ч. 2 арт. 188 КК (паклёп), якая распачатая пракуратурай Менска і расследуецца Следчым камітэтам. Па выніках вобыску сілавікі канфіскавалі каля 10 носьбітаў інфармацыі, у тым ліку тры ноўтбукі і два цвёрдыя дыскі.

„У ходзе расследавання атрыманы звесткі пра месцазнаходжанне камп’ютарнай тэхнікі, з дапамогай якой, як мяркуецца, і былі распаўсюджаныя ў інтэрнэце заведама лжывыя звесткі. Акрамя таго, прадстаўнікі польскага тэлеканала раней дапытваліся ў рамках расследавання гэтай крымінальнай справы”, — паведаміў СК.

Кіраўніцтва „Белсата” выступіла з афіцыйнай заявай, у якой патлумачыла, што ў мінулым годзе на партале тэлеканала ў тэксце пад відэаматэрыялам аб меркаванай карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя з прычыны тэхнічнай памылкі была пададзеная памылковая інфармацыя. „Прычым памылка была толькі ў тэксце ў інтэрнэце, а не ў тэлевізійным матэрыяле. Памылку мы хутка выправілі, апублікавалі абвяржэнне, выказалі прабачэнні генералу Андрэю Шведу, якога гэтая памылка тычылася. Следчы камітэт правёў праверку па гэтай справе і падстаў для крымінальнага пераследу не знайшоў. Аднак у студзені гэтага года менская пракуратура распачала крымінальную справу з той жа нагоды”, — адзначылі ў „Белсаце”.

Кіраўніцтва тэлеканала перакананае: „Улады выкарыстоўваюць фармальную нагоду, каб яшчэ раз паказаць незалежным СМІ іх месца, „зачысціць” медыйную прастору перад будучымі выбарамі”.

belapan.by