АБСЕ заклікала ўлады Беларусі „выявіць максімальную стрыманасць”



Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае ўлады Беларусі да «максімальнай стрыманасці» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні пастаяннага камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях ПА АБСЕ Кірыякаса Хаджыяні, яго намесніка Міхаэля Георга Лінка і дакладчыка Кары Хенрыксан. Тэкст заявы 2 чэрвеня распаўсюдзіла прэс-служба ПА АБСЕ.

«У сувязі з важнымі выбарамі, якія пройдуць усяго праз два месяцы, вельмі важна, каб улады ў Беларусі зрабілі ўсё магчымае для стварэння паўнавартаснага і адкрытага асяроддзя для правядзення кампаніі», – гаворыцца ў заяве.

У ПА АБСЕ занепакоеныя тым, што затрыманні актывістаў не толькі перашкаджаюць працы ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў, але і «пужаюць грамадства».

«Таму мы заклікаем улады праяўляць максімальную стрыманасць напярэдадні важных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і спадзяемся на больш свабодную абстаноўку, чым назіралі раней», – гаворыцца ў заяве.

З заклікам вызваліць затрыманых і спыніць рэпрэсіі ўжо выступілі Еўрапарламент і Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.

Беларускае Радыё Рацыя