Адбылася тэлефонная размова Лаўрова з Макеем



22 снежня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

„Разгледжаны актуальныя тэмы парадку дня расейска-беларускіх адносінаў”, — паведамляе расейскае знешнепалітычнае ведамства без якіх-небудзь падрабязнасцяў.

Нагадаем, 22 снежня ў МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланнік пасольства Расеі Вадзім Гусеў. Яму быў заяўлены пратэст у сувязі з выказваннямі дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы „Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў” (РІСД) Леаніда Рашэтнікава ў адрас Рэспублікі Беларусь.

„Беларускім бокам была дадзеная прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых братніх дзяржаў, — павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Напярэдадні ў інтэрнэце было размешчана відэа з выказваннямі Рашэтнікава наконт незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. У Беларусі, заявіў ён, „усё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнарыя”. Што тычыцца беларускай мовы, то, спаслаўшыся на газету „Праўда” 1926 года выпуску, ён заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК УКП(б).

„Якая Беларусь незалежная ад Масквы? І як гэта Масква ёй нічога дыктаваць не можа?” — пацікавіўся дырэктар РІСД.

Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў быў заснаваны згодна з указам прэзідэнта РФ у 1992 годзе. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі і іншыя структуры расейскай улады.

2 лістапада гэтага года Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб зняцці Рашэтнікава з пасады дырэктара ўстановы „Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў” з 4 студзеня 2017 года. Новым дырэктарам РІСД стане Міхаіл Фрадкоў.

belapan.by