Адміністрацыйную справу супраць Анатоля Лябедзькі спынілі



Адміністрацыйная справа супраць кіраўніка Аб’яднанай грамдзянскай партыі Анатоля Лябедзькі спынена за адсутнасццю ў яго дзеяннях складу правапарушэння.

Такое рашэнне прыняла суддзя Ленінскага раённага суда Менска Марына Запаснік. Раней палітык быў аштрафаваны на 1150 рублёў – 50 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – пікеце  каля будынку Адмінстрацыі прэзідэнта ў падтрымку тэлеканала “Белсат”. Пікет  адбыўся 20 снежня 2016 года. Аднак Анатоль Лябедзька дабіўся ў гарадскім судзе адмены гэтага рашэння. Справа была накіравана на новы разгляд:

Думаю, правільна я зрабіў, што змагаўся да апошняга. Больш таго, я не збіраюся ставіць кропку. Толькі б знайсці час, таму што хацелася б прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці тых АМАПаўцаў, якія хлусілі ў судзе. Яны свядома давалі хлуслівыя паказанні. І ў мяне ёсць такая юрыдычная прававая магчымасць  прыцягнуць іх да адказнасці.

Таксама Анатоль Лябедзька лічыць, што трэба разгледзець і дзеянні  суддзі Андрэя Камушкіна, наколькі яны былі прафесійнымі і справядлівымі. Валодаючы ўсёй інфармацыяй па гэтай справе, тым не менш, ён прыняў палітызаванае рашэнне, – лічыць палітык. „Так што для мяне гэтая справа яшчэ не завершана. Яе трэба працягнуць, каб даказаць, што і  пры гэтай сістэме трэба змагацца да апошняга. А калі ёсць магчымасць, то і прыцягваць да адказнасці тых, хто фальсіфікуе гэтыя справы, і тых, хто працуе на гэтым судовым канвееры,” – сказаў Анатоль Лябедзька.   

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара