Адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю не пацяплеюць, пакуль Менск не дакажа бяспеку АЭС



Пакуль афіцыйны Менск не дакажа бяспеку Беларускай АЭС, якая будуецца ля Астраўца (Гарадзенская вобласць), на мяжы з Літвой, адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю не пацяплеюць, заявіў 25 траўня ў літоўскім парламенце намеснік старшыні Еўракамісіі, еўракамісар па энергетыцы Мараш Шэфчавіч.

„Вельмі важна, каб былі праведзеныя стрэс-тэсты [БелАЭС], якія адпавядаюць стандартам ЕЗ, па самых неспрыяльных умовах, — прыводзіць словы Шэфчавіча партал ru.delfi.lt. — Без гэтых тэстаў мы не можам размарозіць энергетычны дыялог з імі, і гэта, без сумневу, абмяжоўвае нашы магчымасці супрацоўнічаць з Беларуссю. Я мяркую, што Беларусь разумее, з якой сур’ёзнасцю мы ставімся да гэтага пытання”.

Еўракамісар адзначыў, што вынікі стрэс-тэстаў, якія Беларусь абяцала падаць на суд еўрапейскіх экспертаў, будзе ацэньваць Еўрапейскі камітэт рэгулятараў. У складзе гэтага камітэта, падкрэсліў ён, будуць у тым ліку прадстаўнікі Літвы, якія змогуць перадаць свае рэкамендацыі па БелАЭС.

„Камітэт падрыхтуе рэкамендацыі, і ў іх, без сумневу, будзе напісана, што нешта трэба палепшыць, нешта трэба ўдасканаліць, а таксама што трэба прытрымлівацца палажэнняў аб бяспецы. Так што я пагаджуся, што цяпер мы знаходзімся на вельмі важным этапе”, — заявіў Шэфчавіч.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 4 траўня распарадзіўся стварыць міжведамасную працоўную групу па падрыхтоўцы нацыянальнага даклада аб мэтавай пераацэнцы бяспекі БелАЭС з улікам вынікаў стрэс-тэстаў. Падрыхтаваць даклад групе даручана да 31 жніўня.

Стрэс-тэсты на АЭС пачалі праводзіць пасля аварыі на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 у сакавіку 2011 года. 23 чэрвеня 2011 года Беларусь далучылася да дэкларацыі аб усёабдымнай ацэнцы рызык АЭС, такім чынам пагадзіўшыся правесці тэставанне атамнай станцыі, якая будуецца, з улікам патрабаванняў еўрапейскай групы рэгулятараў ядзерных аб’ектаў. Дзяржатамнагляд распрацаваў дакумент, у якім фактычна паўтараюцца патрабаванні, што выстаўляюцца да правядзення стрэс-тэстаў у краінах ЕЗ.

У лютым гэтага года МЗС Літвы апублікавала на сваім сайце дзесяць прычын, з-за якіх літоўскі бок не лічыць збудаванне Беларускай АЭС бяспечным. Прэтэнзіі тычацца працэдуры выбару і фізіка-геаграфічных характарыстык будпляцоўкі, уразлівасці АЭС перад падзеннем цяжкага самалёта, адсутнасці справаздачы па стрэс-тэстах і поўных высноў місіі МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб’ектаў з улікам знешніх пагроз, небяспекі забруджвання вадаёмаў Літвы ў выпадку сур’ёзнай аварыі на БелАЭС і шмат чаго іншага.

Беларусь неаднаразова падкрэслівала, што праект АЭС абсалютна бяспечны, будаўніцтва вядзецца з захаваннем усіх узятых на сябе дзяржавай міжнародных дамоўленасцяў, а літоўскаму боку была перададзеная ўся інфармацыя, якая гэта даказвае.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

belapan.by

[manual_related_posts]