Агееў: абмененага на Саўчанку ГРУшніка Ерафеева забілі



Капітан ГРУ РФ Яўгеній Ерафееў, які ў 2015 годзе быў узяты ўкраінскімі вайскоўцамі ў палон на Данбасе, а пасля абменены на народнага дэпутата Украіны Надзею Саўчанку, быў забіты на расейскай тэрыторыі, бо „нагаварыў лішняга”, заявіў у інтэрв’ю расейскай „Новай газеце” вайсковец брыгады спецпрызначэння ГРУ Віктар Агееў, затрыманы 26 чэрвеня ў Луганскай вобласці.

А ты чуў, што здарылася з ГРУшнікам Ерафеевым, калі ён вярнуўся? Яго проста прыбралі. Забілі, – заявіў Агееў у размове з карэспандэнтам газеты.

Па Словах Агеева, ён ведае гэта „дакладна”: „Пра гэта ўсе кажуць: і там, і тут, па гэтым баку. Усе ведаюць, што з ім гэта зрабілі. Бо нагаварыў лішняга”.

У чэрвені 2016 года галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціяс заяўляў, што ў Кіеве падчас суда рыхтавалася спроба выкрадання і далейшага знішчэння расейскіх ГРУшнікаў Яўгенія Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава.

Акрамя гэтага, на пачатку жніўня быў забіты адвакат Юрый Грабоўскі, які бараніў расейскага ГРУшніка Аляксандрава. Асноўным матывам забойства лічаць яго прафесійную дзейнасць.

Нагадаем, што затрыманы на Данбасе расейскі вайсковец Віктар Агееў назваў імёны 15 расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць у складзе разведвальнай роты так званай 4 асобнай мотастралковай брыгады 2-га армейскага корпуса „ЛНР”.

inforesist.org