Агітацыя на выбарчым участку



Першыя выбарчыя парушэнні ў Берасці – на ўчастку №4 Берасцейскай-Усходняй выбарчай акругі №3, які месціцца ў будынку 23-й школы. На ўваходзе і ў памяшканні, дзе праходзіць галасаванне, з’явіліся вялікія плакаты ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Анатоля Дашко, цяперашняга дэпутата мясцовага гарадскога савету і галоўнага лекара Берасцейскага радзільнага дому.

IMG_20160907_170257

Гаворыць назіральніца ад кампаніі “Права выбару” з гэтага ўчастка:

– Учора бацькоў накіроўвалі з бацькоўскага сходу на галасаванне.

РР: Якім чынам вы гэта бачылі?

– Я гэта не заспела, але старшыня сам расказаў, таму такая вялікая лічба прагаласаваўшых. Ён сказаў, што і сёння будзе бацькоўскі сход і ўсіх накіруюць на галасаванне. Я спадзяюся, гэта зафіксую, сфоткаю – будзе цікава. Затое ў нас сёння апячатвалі памяшканне ў час абеду. А таксама старшыня павесіў аітацыйны плакат непасрэдна на выбарчым участку. І сказаў: якая гэта агітацыя, гэта нармальна, каб выбаршчыкі бачылі, хто гэта. Я кажу: тут у вас квадрацік і птушка стаіць на плакаце – гэта ўжо агітацыя, маўляў, так трэба галасаваць. Я яму разы тры паказала выбарчы кодэкс, мы паспрачаліся, але ён плакат усё ж зняў.

 L160CFbGLw4

Старшыня камісіі здымае выбарчы плакат на выбарчым участку.

Агулам у першы дзень на ўчастку №4 прагаласавалі 83 выбаршчыкі. Таксама ў будынку школы знаходзіцца яшчэ адзін участак Берасцейскай-Усходняй выбарчай акругі. Па звестках прадстаўнікоў “Права выбару”, у першыя дні выбарчай кампаніі прадстаўнікі камісіі распытвалі назіральнікаў аб месцы вучобы ці працы. Ці ўзнікалі праблемы альбо ціск пасля гэтага высветліць не ўдалося, а самі назіральнікі кажуць, што на ўчастку №3 пакуль “усё добра”:

– У першай палове дня ў мяне не атрылася прысутнічаць на ўчастку, замест мяне быў іншы назіральнік. Але за апошні час ніякіх парушэнняў не было. Усё праходзіла згодна артыкулу 13.

Ці “заганялі” бацькоў з бацькоўскага сходу на ўчастак №3 гэтай школы, высветліць не ўдалося. Акурат у першай палове дня назіральнкаў выклікалі на практыку, звязаную з іхняй вучобай. Яўка на ўчастку на ўчорашні дзень склала 2%.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя