Агляд прэсы



Сёння размова ў нашым аглядзе прэсы зноў пра Беларусь, а менавіта пра тое, што пішуць пра беларускі палітычны крызіс замежныя медыі. Ці ёсць словы Пуціна пралогам да акупацыі Беларусі? Як называе Лукашэнку ў сваім інтэрв’ю Лінас Лінкявічус? Даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус не выбірае выразаў, кажучы ў інтэрв’ю нямецкай газеце Die Welt пра стаўленне да беларускіх уладаў. Ён рэзка выказваецца пра дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі.

Мы павінны ўсвядоміць, што пад ударам апынуліся мірныя ўдзельнікі акцый пратэсту, не радыкалы. На допыты выклікалі нават членаў Каардынацыйнай рады, у тым ліку былога міністра культуры. Гэта людзі, з якімі рэжым мог бы весці дыялог. Але Лукашэнка абраў іншы шлях. Лукашэнка прыкідваецца, быццам клапоціцца аб суверэнітэце Беларусі, на самай жа справе ён проста хоча выратаваць самога сябе. Агульныя еўрапейскія санкцыі трэба прымяніць як мага хутчэй. Калі менавіта, нам яшчэ трэба будзе вырашыць. Але магу вас запэўніць, што, прынамсі, нацыянальныя санкцыі з нашага боку будуць уведзены неўзабаве. Мы невялікая краіна і аддаем перавагу ўвядзенню санкцый сумесна з Еўразвязам. Пры гэтым мы асабліва разлічваем на кіраўніцтва Нямеччыны, да таго ж Берлін цяпер старшынюе ў Радзе Еўропы. Але тым не менш, мы не можам сядзець склаўшы рукі. Мы — сведкі парушэння правоў чалавека, у Беларусі катуюць людзей. Гаворка тут ідзе аб універсальных правах. І трэба перастаць ставіцца да рэжыму ў Беларусі як да абранага ўраду. Гэта не так. Мы павінны ізаляваць гэтых людзей і ўвесці супраць іх санкцыі, замарозіць рахункі і абмежаваць свабоду іх перамяшчэння. Няма ніякіх падставаў назіраць, як прадстаўнікі рэжыму сёння ў Менску катуюць людзей, а заўтра едуць на закупы праз мяжу ў Вільню. Павінны быць абвешчаныя новыя выбары. Гэта адзіны шлях. Рэжым не можа „закрыць” усіх пратэстоўцаў. Іх занадта шмат. Склалася патавая сітуацыя: грамадзяне мітынгуюць, Лукашэнка не ведае, што рабіць, і звяртаецца ў пошуках дапамогі да Масквы. Але ў Крамля свае праблемы, на Далёкім Усходзе таксама пратэсты. Няма ўпэўненасці, што Масква падтрымае вар’ята з Менску, што б ён ні зрабіў. Той спадзяецца, што пратэсты сціхнуць. Але і ў пратэстоўцаў хапае вытрымкі. Акрамя таго, пасля катаванняў і ўсяго астатняга шляху назад больш няма. Еўразвяз, Злучаныя Штаты, АБСЕ, а таксама Расея павінны аказаць ціск на Лукашэнку і такім чынам дамагчыся правядзення новых выбараў. Ціханоўская? Прынамсі, яна хацела б вярнуцца ў Беларусь. У той жа час улады там з ёй нядобра абышліся. Мы бачылі зняты матэрыял. Гэта павінен зразумець кожны ў Еўропе, хто хоча мець зносіны з Лукашэнкам. Мы больш не можам з ім размаўляць. З маральнага пункту гледжання ён збіўся са шляху.

Палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў у матэрыяле для ўкраінскага выдання „Еспресо” кажа пра тое, што Расея ўсё ж распрацоўвае схему па акупацыі Беларусі. Уладзімір Пуцін заявіў аб тым, што яго краіна стварыла рэзерв сілавікоў у дапамогу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пуцін адзначыў, што гэты рэзэрв «не будзе выкарыстаны, пакуль сітуацыя не пачне выходзіць з-пад кантролю. І калі экстрэмісцкія элементы, прыкрываючыся палітычнымі лозунгамі, не пяройдуць пэўную мяжу i не пачнуць разбой». Прасцей кажучы, Пуцін не будзе выкарыстоўваць сваіх сілавікоў да таго моманту, пакуль не зразумее, што з’явілася рэальная пагроза праўленню Лукашэнкі, што беларускія сілавікі ўжо не спраўляюцца з уласным народам. І тады ў справы ўступяць расейскія сілавікі, а магчыма і расейская армія, якая дыслакаваная на тэрыторыі Беларусі. Якую ж трэба мець наіўнасць, каб меркаваць, што расейскія жаўнеры знаходзяцца ў Беларусі для супрацьстаяння міфічнай пагрозе НАТА. Не, расейскі жаўнер знаходзіцца ў Беларусі выключна для таго, каб страляць у беларуса, тады, калі беларус адмовіцца падпарадкоўвацца крамлёўскай кліке і яе марыянеткаваму рэжыму. І менавіта дзеля гэтага расейскія войскі ўводзіліся ў 2014-м годзе ва Украіну — каб захаваць марыянеткавы рэжым Віктара Януковіча і ўтрымаць ўкраінскі народ у падпарадкаванні Крамлю. Цяпер сітуацыя паўтараецца. Проста з Украінай у Расеі не было юрыдычных дамоўленасцей, якія дазволілі б выкарыстоўваць расейскія войскі для дапамогі марыянеткаваму рэжыму. Адзінае, што мог зрабіць тады Уладзімір Пуцін, выкарыстоўваць у якасці акупацыйнага кантынгенту злашчасны Чарнаморскі флот, гэтую групоўку здраднікаў на іржавых пасудзінах. У Беларусі ў Пуціна такія магчымасці ёсць. Гэта да сённяшняга дня Саюзная дзяржава была сімулякрам, які дазваляў Лукашэнку выцягваць грошы ў расейцаў у абмен на прымітыўную балбатню аб дружбе і братэрстве. А зараз гэтая саюзная дзяржава ператвараецца ў тое, дзеля чаго яна была створана — у інструмент акупацыі Беларусі. Як у 2014-м годзе база Чарнаморскага флота ў Севастопалі ператварылася ў тое, дзеля чаго яна была створана — у інструмент акупацыі Крыма. Беларусам неабходна дакладна зразумець: у сваім імкненні да свабоды яны супрацьстаяць не Лукашэнку і яго злачыннаму асяродку. Яны супрацьстаяць Расеі, яны супрацьстаяць Пуціну, яны супрацьстаяць расейскім шавіністам, якія мараць аб знішчэнні іх краіны, іх народа, іх мовы, іх гістарычнай спадчыны. Якія хочуць падмяніць Украіну і Беларусь Расеяй. Нам, украінцам таксама варта было б гэта нарэшце зразумець. Супрацьстаяньне з Расеяй — галоўны выклік нашай дзяржаўнасці. Ніякая папулісцкая балбатня, ніякая клаўнада у калідорах улады, ніякая безадказнасць жыхароў, якія не хочуць станавіцца грамадзянамі не адменяць гэтага супрацьстаяння. Украіне і Беларусі трэба будзе альбо адбіцца ад расейскай экспансіі, альбо бясслаўна знікнуць з палітычнай карты сучаснага свету.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя