Агляд прэсы: ад адной запалкі



Вогнішча суверэнітэту: расейскія танкі ў Беларусі. Канфлікт вакол Украіны патрабуе вырашэння. Абвал на сусветных біржах. Крызіс лонданскага ўраду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Незалежна ад таго, ці пачне Расея чарговы вялікі наступ супраць Украіны, тэрыторыя Беларусі ўсё больш будзе станавіцца крыніцай ваенных пагроз для ўсіх яе заходніх суседзяў, а не толькі для Украіны»,  – піша афіцыйнае выданне European Council on Foreign Relations.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што пакуль міжнародная супольнасць засяроджваецца на напружаным дыялогу паміж Масквой і Вашынгтонам па канфлікце ва Украіне, сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. З моманту пачатку масавых пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 года ўлада Лукашэнкі, кіраўніка краіны, трымалася на двух кітах. Першае — гэта падтрымка сілавікоў і лаяльнай наменклатуры; другая — падтрымка Крамля.

«Аднак гэтая расейская падтрымка, як сыр у мышалоўцы, мае сваю цану. У абмен на фінансавую і палітычную дапамогу Лукашэнку паступова прымушаюць ставіць Беларусь у залежнасць ад усходняга суседа. У адказ на палітычны крызіс Лукашэнка падпісаў пакет сімвалічных інтэграцыйных пагадненняў з Масквой, прызнаў Крым расейскай тэрыторыяй, прыпыніў сяброўства Беларусі ва Усходнім партнёрстве і перанакіраваў частку экспартных патокаў праз расейскія парты. Ён рабіў амаль усё, каб дагадзіць Расеі, чаго пазбягаў шмат гадоў», – адзначае еўрапейскае выданне.

«Пасля таго, як расейскія танкі пракацяцца па беларускай зямлі падчас вучэнняў, Масква, верагодна, атрымае ад Менску не малы рахунак за гэтыя саюзныя паслугі. Расейскія войскі ўжо ўвезлі ў Беларусь беспрэцэдэнтную колькасць ваеннай тэхнікі. Аднак застаецца незразумелым, ці мае намер Пуцін зноў уварвацца ва Украіну. Па ўсёй верагоднасці, яго планы застаюцца загадкай нават для Лукашэнкі. Аднак сітуацыя прымушае ўкраінскіх вайскоўцаў таксама рыхтавацца да патэнцыйнага ўварвання з Беларусі, яшчэ больш расцягваючы свае сілы. Пакуль што, Лукашэнка паведаміў, што пачатак вайны можа прывесці да пераносу рэферэндуму. Да таго ж Масква захавае пэўны ўзровень ваеннай прысутнасці ў Беларусі пасля цяперашняга крызісу. Тэрыторыя Беларусі будзе ўсё часцей станавіцца крыніцай ваенных пагроз для ўсіх яе заходніх суседзяў, а не толькі для Украіны. У адчаі дагадзіць Крамлю Лукашэнка рызыкуе падпаліць незалежнасць сваёй краіны. Захад павінен паспрабаваць супрацьстаяць паступоваму паглынанню Беларусі Расеяй»,  – заклікае European Council on Foreign Relations.

Падзеі вакол Украіны ставяць перад сусветнай супольнасцю, і асабліва перад краінамі Усходняй Еўропы, пытанне рубам: ці не час дакладна вызначыцца са сваёй пазіцыяй? Дыскусія на гэтую тэму ідзе і на старонках еўрапейскай прэсы.

«Прыналежнасць Румыніі да еўраатлантычнага свету не варта лічыць непарушнай дадзенасцю», – такое меркаванне публікуе румынскае выданне Striblea.ro.

«Расея патрабуе вярнуць Усходнюю Еўропу ў стан, у якім тая знаходзілася ў 1997 годзе, калі пашырэнне НАТА толькі пачыналася. Не думаецца, што патрабаванні Расеі зараз будуць задаволеныя. Але яны могуць апынуцца і доўгатэрміновай мэтай. Расея заўсёды будзе імкнуцца аднавіць свой уплыў у нашым рэгіёне. І калі яна сваёй мэты дасягне, то гэта стане катастрофай. Прыналежнасць Румыніі да еўраатлантычнага свету і яго каштоўнасцяў не можа лічыцца чымсьці само сабой зразумелым. Гэтую прыналежнасць трэба ўвесь час захоўваць і абараняць. І паколькі мы знаходзімся ў непасрэднай блізкасці ад Расеі, гэтая задача будзе стаяць і перад усімі будучымі пакаленнямі», – робіць выснову румынскае выданне.

Да пачатку тыдня на сусветных біржах рэзка аселі курсы акцый. Так, у панядзелак амерыканскі індэкс Доу Джонса на нейкі час упаў на 3,1 адсоткі, а нямецкі Dax знізіўся ажно на 3,8 адсоткі. Затым абодва індэкса зноў крыху падраслі. Аглядальнікі разважаюць аб прычынах нестабільнасці на рынках, і задаюцца пытаннем, ці варта ўвогуле чакаць такое на біржы.

На думку бельгійскай газеты De Standaard, сітуацыя ўжо даўно патрабуе карэкціроўкі.

«Біржа не для таго прыдумана, каб асобныя асобы маглі на ёй збіваць капітал без намаганняў і рызыкаў. І калі на працягу апошніх паўтары дзясятка гадоў склалася такое ўражанне, то гэта гістарычная анамалія, якую рана ці позна прыйшлося б падкарэктаваць. Ужо паступала дастаткова сігналаў аб тым, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю. І адзін з іх – гэта абсалютна смяхотны ўзлёт так званых крыптавалют. Папулярнасць віртуальных грошай мае ўсе прыкметы снежнага кому, а які яго канец, здаецца, усім выдатна вядома. Новую раўнавагу атрымаецца ўсталяваць толькі ў тым выпадку, калі чаканні будуць рэалістычнымі. Гэта – балючы, але непазбежны і неабходны працэс», – папярэджвае бельгійская газета.

Скандал «партыгейт» у Брытаніі разрастаецца: акрамя паведамленняў аб каляднай вечарынцы на Даўнінг-стрыт у самы разгар лакдаўнаў, стала вядома аб тым, што Борыс Джонсан адсвяткаваў там з гасцямі і свой дзень нараджэння, насуперак строгім прадпісанням, якія забараняюць сход грамадзян у зачыненых памяшканнях. З боку ўраду пакуль ніякіх абвяржэнняў не было. Скотланд-Ярд пачаў расследаванне ў адносінах да прэм’ер-міністра.

«Шкода для краіны ўзрастае шматкроць з кожным новым днём», – піша нямецкая газета Die Welt.

«Замест таго, каб усе сілы кінуць на аднаўленне эканомікі пасля пандэміі, замест таго каб весці краіну ў новую эру пасля заканчэння брэксіту, урад і парламент бесперапынна перамолваюць усё новыя падрабязнасці таго, хто, калі і дзе мог парушыць уведзеныя ўрадам антыкаронныя абмежаванні. Чаго толькі не наабяцаў людзям вярхоўны кансерватар нацыі пад сваім лозунгам «Давайце давядзём брэксіт да канца». Нічога з гэтага так і не ажыццявілася. Да таго моманту, калі партыгейт падыдзе да канца, каралеўства ачуняе ад цяжкага сну, якое адольваецца падвойным пахмеллем. А там адыдзе ў Лету і прэм’ер-міністр, які запляміў годнасць вышэйшай дзяржаўнай пасады, а разам з ім – і ўсёй краіны», – іранізуе нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]