Агляд прэсы: адбіццё атак у закулісных гульнях
Доказ расколу сілавікоў Беларусі. Кошт жыцця чалавека – ядзерная зброя. Вакцынацыя ў ЗША. Кіберпагрозы Расеі.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскі часопіс Foreign Policy Magazine на першыя старонкі вынес артыкул «У сілавых структурах бяспекі Лукашэнкі з’явіўся раскол».
Аўтары матэрыялу Улад Кобец і Дэвід Крамэр упэўніваюць, што ў апараце Лукашэнкі з’явіліся прыкметы таго, што беларускаму дыктатару знаходзіцца ва ўладзе засталіся лічаныя дні.
У якасці такіх прыкметаў выданне прыводзіць тэндэнцыю адтока кадраў з Міністэрства ўнутраных спраў і іншых праваахоўных органаў, які пачаўся падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і працягваецца па гэты дзень.
Напрклад, па стане на 1 лістапада колькасць работнікаў галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў у Менску скарацілася прыблізна на 18 адсоткаў, а РУУС Цэнтральнага раёну г. Менска на 23 адсоткі. Многія звольненыя супрацоўнікі органаў атрымалі сродкі, сабраныя беларускай дыяспарай, і далі каштоўныя паказанні аб злачынствах рэжыму.
«Такія дзеянні мусяць стаць галоўным прыярытэтам беларускай апазіцыі, і Захаду таксама. Калі гэты рух набярэ абароты, то неўзабаве ён можа пакінуць Лукашэнку без той сілы, якая падтрымлівае яго. І што б там не хацеў Пуцін, грамадзяне Беларусі заслугоўваюць лепшага. Як і тыя, хто працуе ў спецслужбах і міліцыі, але ніколі не падпісваўся, каб збіваць, катаваць і нават забіваць сваіх суграмадзян”, – падсумоўваць аўтары Foreign Policy Magazine .
Па свеце пракацілася шырокая хваля абурэння ў сувязі са смяротным пакараннем у Іране апазіцыйнага журналіста Рухалы Зама. Зам абвінавачваўся ў адміністраванні тэлеграм-канала, які быццам бы прывеў да грамадскіх хваляванняў у Іране. З 2009 года журналіст жыў у статусе палітычнага ўцекача ў Францыі, адкуль яго, згодна з паведамленнямі СМІ, выманілі ў Ірак іранскія спецслужбы, дзе ён і быў выкрадзены. У суботу ў Тэгеране Рухала Зам быў пакараны смерцю праз павешанне.
«Гэтае пакаранне – чарговая аплявуха Еўразвязу», – адзначана ў артыкуле нямецкай газеты Der Standard.
Гудрун Хэрэр у матэрыяле пад назвай «Тэгеран прыніжае ЕЗ» адзначае, што смерць Рухалы Зама непасрэдна закранае Францыю, а значыць – і ўвесь Еўразвяз. «ЕЗ зрабіў стаўку на тое, што пасля сыходу Трампа Іран і міжнародная супольнасць вяртаюцца да абмеркавання ядзернага пагаднення 2015 года, укладзенага ў Вене. Трамп гэта пагадненне «падарваў», а еўрапейцы хочуць наадварот выратаваць. А таму церпяць усё новыя і новыя прыніжэнні ад Тэгерану. Чаша цярпення, аднак, ужо перапоўнена» – піша газета Der Standard.
Амерыканскі часопіс Time на першых палосах размясціў матэрыял «Як прайшлі першыя прышчэпкі супраць COVID-19 у бальніцах ЗША». Па сваёй значнасці ён нават перакрыў навіну пра тое, што Джо Байдэн набраў неабходную колькасць галасоў для канчатковай перамогі ў выбарах.
Аўтары артыкулу Эліс Парк і Джэймі Дзюшарма зрабілі агляд паступлення пробных вакцын у буйныя лякарні ў ваколіцах Нью-Ёрка і спадзяюцца, што пачатак вакцынацыі прывядзе да агульнанацыянальнай хвалі прышчэпак, якая і закончыць пандэмію. Апошнія дадзеныя па ЗША несуцяшальныя: больш за 300 000 пацверджаных смерцяў ад COVID-19.
Часопіс Time акцэнтуе ўвагу на тым, што пакуль што ў вакцынацыі прымяняецца прэпарат Pfizer-BioNTech, які мусіць уводзіцца двойчы. Колькасць дозаў абмежаваная і прымяняецца для першых прыярытэтных груп медычных работнікаў і людзей, якія пражываюць ва ўстановах доўгатэрміновага дагляду. Таксама для захвання вакцыны медычныя ўстановы мусяць займець спецыяльныя маразільныя камеры.
Са старонак часопісу Time медыкі звяртаюцца да людзей: «Незалежна ад таго, прышчэплены вы ці не, вам трэба працягваць насіць маскі, трымаць дыстанцыю і мыць рукі. Гэтыя рэчы зараз значна важнейшыя, чым вакцынацыя».
Амерыканскае выданне The Daily Beast правяло сваё расследванне пад назвай «Каманда крамлёўскіх хакераў вярнулася, і гэта дрэнная навіна для астатніх”.
Аўтар артыкулу Адам Раунслі пераконвае, што федэральныя агенцтвы, каментуючы ўзлом сістэмы Міністэрства фінансаў ЗША і Нацыянальнага ўпраўлення тэлекамунікацый, правільна ўказалі на «маскоўскі» след, аднак не назвалі вінаватымі ваенных хакераў, вядомых па атаках падчас выбараў 2016 году.
Замест гэтага амерыканскія чыноўнікі заявілі журналістам, што ва ўзломе вінавата больш асцярожная і непрыкметная «А-група» Крамля, вядомая сваёй дзейнасцю ў 2015 годзе . Размова ідзе аб хакерскай групіроўцы ад ФСБ і Знешняй выведкі, якую яшчэ называюць „Утульны мядзведзь” альбо APT 29.
Выданне The Daily Beast акцэнтуе таксама ўвагу на тым, што зусім нядаўна ЗША, Вялікабрытанія і Канада выпусцілі сумеснае кансультацыйнае папярэджанне аб спробах групіроўкі „Утульны мядзведзь” скрасці інфармацыю, звязаную з распрацоўкай і выпрабаваннем вакцын супраць COVID-19 у буйных фармацэўтычных кампаніях свету. „Сфера кіберпагроз з боку Расеі застаецца неабсяжнай і складанай для выяўлення”, – робіць выснову Адам Раунслі.
Беларускае Радыё Рацыя
